Карнавал "Віва, ровар! " - ужо ў наступныя выхадныя

4 мая 2018

"30 дзён на веласіпедзе" - у сталіцы падведзены вынікі велачэленджа. Мінск рыхтуецца да новага веласіпеднага свята. Карнавал "Віва, ровар!" - у наступныя выхадныя. На маштабны опэн-эйр пададзена ўжо больш за 9 тысяч анлайн-заявак. Да веласіпеднага флэшмоба рыхтуецца і Наталля Кузьміцкая.

Яны пазнаёміліся на велазлёце, з таго часу не разлучаліся. Разам на веласіпедах праехалі не адну тысячу кіламетраў. Гэта, бадай, самыя рамантычныя ўдзельнікі велачэленджа "30 дзён на веласіпедзе". Свой трэк-малюнак вандроўкі прысвяцілі пачуццям адно да аднаго і да любімага горада.

Сваімі мудрагелістымі маршрутамі мінчане вымалёўвалі і свае імёны, і кветкі, у контурах сталіцы нават карту ўсёй краіны. Самыя актыўныя ўдзельнікі гэтага конкурсу і ўсяго чэленджа атрымалі прыемныя падарункі.

Наступны перформанс, інакш не назавеш, адбудзецца ўжо 12 мая. У парку Перамогі можна будзе сустрэць і піратаў, і фантастычных жывёлін, і казачных персанажаў на колах падчас велакарнавалу "Віва, ровар!".

Да таго ж, варта падрыхтаваць цікавы вобраз і добры настрой.

Антон Кавалевіч часам калясіць у касцюме ляснога жыхара, але ж гэта жартоўны выгляд, каб заахвоціць да веларуху як мага больш людзей. На карнавале будзе ў больш звыклым для сябе амплуа - валанцёра. Пакуль жа Вясёлы Бурундук заклікае ўсіх далучыцца да маштабнай велападзеі.

Для ўдзелу ў карнавале зарэгістраваліся ўжо больш за 9 тысяч веласіпедыстаў. Акрамя яскравых уражанняў і прыемных знаёмстваў, усіх чакае насычаная праграма: зоны актыўнасці, музычныя сюрпрызы. Аўтары самых арыгінальных касцюмаў паспаборнічаюць за галоўныя прызы - новыя веласіпеды.