Кішэнны гід II Еўрапейскіх гульняў дапаможа арыентавацца

24 июня 2019

Аб высокіх тэхналогіях вялікага спартыўнага форуму. Як кіраваць складанай сістэмай узаемадзеяння транспарту, медслужб, бяспекі, акрэдытацыі  з аднаго камп'ютара?  А таксама  як купіць білет у тры клікі?  Ксенія Лебедзева пратэсціравала  кішэнны гід II Еўрапейскіх гульняў. 

Арыентавацца ва ўсім,  што адбываецца з 21 па 30 чэрвеня падчас II Еўрапейскіх гульняў дапаможа кішэнны гід. Гэта афіцыйная мабільная  праграма. Назвалі проста  - "Мінск 2019". Чым яна карысная? Запампаваўшы яе,  карыстальнікі з любой краіны атрымаюць поўную інфармацыю аб падзеі. Тут і свежыя навіны, і адрасы спартыўных пляцовак з раскладам спаборніцтваў, інфармацыя аб краінах і спартсменах. Працуе як на Android, так і на iOS, таму без асабістага гіда ў гэтыя спартыўныя 10 дзён ніхто не застанецца. Дарэчы, праграма  бясплатная. 

Створана так, каб карыстальнік, інтуітыўна выбіраючы радкі, атрымаў патрэбную інфармацыю ў тры клікі. Тут жа можна купіць білеты, выбраць экскурсійныя туры і афіцыйную прадукцыю Гульняў.

Аляксандр Гвозд, распрацоўшчык  IT-кампаніі: "Укладка "інтарэсы" дазваляе наладзіць сваю ўласную стужку.  Для гэтага мы націскаем кнопку "пачнём". Тут можам выбраць віды спорту, навіны, якія нас цікавяць. Зручна для тых,  хто жадае сачыць за дасягненнямі пэўнай краіны або віду спорту. 

Мы вырашылі самі пратэсціраваць праграму "Мінск 2019". Адкрылі яе, выбралі расклад, пойдзем на дзюдо - нам паказвае на "Чыжоўка-Арэну". Праклала шлях. Ну, мы пайшлі". 

Сапраўды праграма  простая  ў выкарыстанні. Выбраць від спорту і купіць білеты на патрэбныя спаборніцтвы - проста. Маршрут можна пракласці ў любых картах і выбраць альбо пешую прагулку, альбо дабрацца на аўтамабілі.

Калі праграма - гэта тэхналогія для карыстальнікаў, то для арганізатараў існуе свая глабальная. Яе называюць  мозгам гульняў. Складаецца з модуляў, кожны з якіх адказвае за асобны кірунак. Інфармацыя збіраецца аж да групы крыві ўсіх, хто прыбыў. Каб пры неабходнасці медыцынскай дапамогі  прамаруджання не было. 

Арыгінальным дадаткам да праграмы  "Мінск 2019" стануць 3D-мадэлі спартыўных пляцовак. Яны дапамогуць гасцям выбраць білет з патрэбным аглядам. А таксама чат-бот - ён даступны ў папулярных месенджарах. Лісянё Лёсік адкажа на любое пытанне - бо гатовы стаць незаменным віртуальным памочнікам на час II Еўрапейскіх гульняў.