Канікулы ў фармаце IT

31 июля 2018

У дзіцячых лагерах Мінскай вобласці развіваюць адукацыйныя напрамкі, звязаныя з сучаснымі тэхналогіямі. Так, у Маладзечанскім раёне школьнікі засвойваюць асновы робататэхнікі і пілатавання квадракоптараў. Акрамя таго, спрабуюць сябе ў ролі відэаблогераў і фатографаў.

IT-лагер аб'яднаў школьнікаў розных узростаў. Гэтым летам такі курс пройдуць больш за паўсотні дзяцей. Аляксандра Кавеліч пра адпачынак на смарт-хвалі.

Фотакалекцыю Машы Дзмітрыевай гэтым летам папоўняць дзясяткі здымкаў. Прычым у руках юнага фатографа не прафесійная камера, а смартфон. Знаходзіць незвычайныя ракурсы, рабіць эфектныя пейзажы і сэлфі дзяўчынка вучыцца ў дзіцячым IT-лагеры. Штодзень тут ладзяць курсы па мабільнай фатаграфіі.

Побач ажываюць робаты. Асновы праграмавання і робататэхнікі ў лагеры выкладаюць з нуля. Школьнікі хутка падхопліваюць смарт-хвалю і самастойна ствараюць разумныя машыны.

Такі праект у Маладзечанскім раёне арганізоўваюць сумесна з адукацыйным цэнтрам Парка высокіх тэхналогій. Сёлета свае канікулы ў IT-фармаце правядуць больш за паўсотні юных праграмістаў.

Свае смарт-праекты школьнікі прадэманструюць на IT-выставе ў канцы змены. Гэтая група працуе ў камандзе. Тут літаральна на вачах з дзясятка дэталей лега з'яўляецца міні-луна-парк.

Запусціць свой блог ці навучыцца кіраваць квадракоптарам. У Мінскай вобласці развіваюць розныя напрамкі смарт-адпачынку. Дарэчы, такія адукацыйныя праекты прадоўжацца і падчас восеньскіх канікул.