Кандыдаты ў дэпутаты па-рознаму выкарыстоўваюць магчымасці перадвыбарнай агітацыі

18 августа 2016

Пра гэта распавяла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў эксклюзіўным інтэрв'ю нашаму тэлеканалу. Найболей актыўныя прэтэндэнты на дэпутацкае крэсла ў Мінску, а таксама ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях. Пакуль яшчэ мала нагляднай інфармацыі - лістовак, якія распавядаюць пра асобу патэнцыяльных дэпутатаў. Але агітацыя на парламенцкіх выбарах толькі набірае абароты. Частка кандыдатаў выбыла з палітычнай гонкі па ўласным жаданні - сёння 509 чалавек засталіся ў спісе тых, хто прэтэндуе на месцы ў Палаце прадстаўнікоў. А ў цэлым гэты перыяд электаральнай кампаніі праходзіць без асаблівых канфліктаў.

За парушэнні парадку вядзення перадвыбарнай агітацыі кандыдат у дэпутаты можа пазбавіцца свайго статусу. Пакуль такіх выпадкаў не было. Сёння ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" стартуюць тэледэбаты. У параўнанні з мінулымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, цікавасць да ўдзелу ў такой дыскусіі з боку патэнцыяльных дэпутатаў прыметна вырасла.