Канал "Беларусь 2" адкрывае новы тэлесезон

31 августа 2015

Моладзевае тэлебачанне з акцэнтам на карысць. Канал "Беларусь 2" адкрывае новы тэлесезон. Прадзюсары абяцаюць інтэрактыўныя праекты, выхад тэлевядучых у народ і айчыннае рэаліці-шоу "Панаехалі". Каб пазнаёміць тэлегледачоў з тымі, хто робіць беларускае тэлебачанне, і даць магчымасць з першых вуснаў даведацца пра ТБ-кухню, тэлеканал "Беларусь 2" правёў прэзентацыю свайго новага сезона ў пасёлку Свіслач Гродзенскай вобласці. Атмасферу свята ў адным з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі стваралі вядучыя найбуйнейшага медыяхолдынга краіны.

Генадзь Давыдзька, старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Хацелася б падтрымаць моладзь гэтых мястэчкаў. Таму што наш канал будзе арыентаваны на моладзь, суцэльна на моладзь. І таму вось так супала, што мы з задавальненнем тут. Першая, але, бадай, не апошняя прэзентацыя канала "Беларусь 2" у невялічкіх нашых гарадах".

Новы тэлесезон стане максімальна інтэрактыўным і моладзевым. Адкрытыя фарматы будуць даступныя для кожнага. Ахвотнікаў паказаць усёй краіне свой відэаролік або нават зрабіць рэпартаж прадзюсары запрашаюць у праект "ПІН_КОД". Інтэрнэт-рэальнасць уварвецца ў тэлеэфір з гумарыстычнай праграмай "Кіпень". Таксама ў эфіры тэлеканала "Беларусь 2" у новым сезоне - кінапрэм'еры, лепшыя серыялы і тэлевізійныя шоу.