У Мінску ўжо вакцынавана больш за 100 тысяч чалавек. З мэтай зніжэння колькасці выпадкаў грыпу і прастудных захворванняў у перадэпідемічны сезон, як і летась, плануецца прышчапіць 40% гараджан. І каму найперш прышчэпку здароўя раяць зрабіць медыкі, высветліла Наталля Кузьміцкая.
Прышчэпку ад грыпу Галіна Краўчанка робіць кожны год, заўсёды сярод першых. Як урач жанчына штодня сустракаецца з хворымі, ёсць рызыка падхапіць вірус.
Сёння вакцынаваць чалавека ад грыпу можна ўжо з 6-месячнага ўзросту. А некаторым катэгорыям насельніцтва прышчапіцца трэба ў першую чаргу. Гэта школьнікі, студэнты, вайскоўцы, настаўнікі, прадаўцы - тыя, хто кантактуе з вялікай колькасцю людзей. Маюць патрэбу ў актыўнай прафілактыкі грыпу таксама цяжарныя жанчыны, пажылыя і асобы з захворваннямі, якія зніжаюць імунітэт.
Увогуле праведзеная ў сталіцы летась кампанія па вакцынацыі дазволіла папярэдзіць больш за 52 тысячы выпадкаў грыпу, у тым ліку каля 8 тысяч цяжкіх формаў вірусных захворванняў.
Актыўна кампанія па імунізацыі насельніцтва праходзіць і ў вобласці. З пачатку кастрычніка прышчэпку зрабілі ўжо каля 110 тысяч чалавек. Вакцынацыі супраць грыпу робяць ва ўсіх паліклініках і амбулаторыях вобласці. Акрамя гэтага, у кожным раёне створаныя выязныя брыгады.
Пытанне - рабіць ці не рабіць прышчэпку - у сям’і Святланы Асянавай нават не ўзнімалася. Маці, выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу, добра ведае: калі інфекцыя трапляе да аднаго, то, верагодна, захварэюць і ўсе астатнія.
Дарэчы, прышчапіцца можна і на рабочым месцы. Усё больш прадпрыемстваў і арганізацый купляюць вакцыны самастойна ці заключаюць дагаворы на імунізацыю сваіх кадраў з паліклінікамі і іншымі медыцынскімі ўстановамі.
Сёлета ўздым захворвання чакаецца ў характэрныя для краіны тэрміны - напрыканцы студзеня - пачатку лютага. Імунітэт супраць грыпу выпрацоўваецца прыкладна на працягу трох тыдняў і захоўваецца каля шасці месяцаў, таму аптымальным перыядам для вакцынацыі з'яўляюцца менавіта кастрычнік і лістапад.














