Калійная афера па-ранейшаму - адна з самых папулярных тэм

6 сентября 2013

Сёння стала вядома, што маніпуляцыямі з акцыямі Уралкалія зацікавіліся кампетэнтныя органы Германіі. Як перадае Deutsche Welle, федэральнае ведамства па наглядзе за фінансавым сектарам правядзе праверку на прадмет магчымай маніпуляцыі рынку і фактар інсайдарскіх здзелак. Вынікам яе можа стаць зварот у Пракуратуру для ўзбуджэння справы. А тым часам біржавыя эксперты раскрываюць схему, якая прывяла да абвалу акцый калійных кампаній і дала магчымасць на пустым месцы атрымаць звышпрыбыткі спекулянтам. Зрэшты, як распавядаюць брокеры, і абвал рынку, і наступныя спекуляцыі маюць адно паходжанне. Сляды вядуць да ўладальніка Уралкалія Сулеймана Керымава і яго топ-менеджараў.


Расказвае Сяргей Хамянтоўскі: Біржавыя гульцы і ўдзельнікі калійнага рынку запомняць канец ліпеня крушэннем каціровак найбуйнейшага ў Расіі і не апошняга ў свеце вытворцы мінеральных угнаенняў - Уралкалія. Афіцыйна асноўнай прычынай рэзкага падзення капіталізацыі кампаніі стала заява аб разрыве адносін са сваім вядучым трэйдарам - Беларускай калійнай кампаніяй - і намеры гандляваць самастойна. Праўда, эксперты ўпэўненыя, разрыў з БКК, падобна, адыгрываў перыферыйную ролю. Менеджары Керымава рыхтавалі бліцкрыг на калійным рынку і пачалі з яго абвалу.


Яшчэ ў лютым кошт акцый Уралкалія ацэньваўся больш як у 23 мільярды долараў. Аднак ужо з чэрвеня пачынаецца іх значнае падзенне. Буйныя акцыянеры пазбаўляюцца ад сваіх доляў. Напярэдадні разрыву з БКК акцыі патаннелі амаль на 20%. Гэта тое, чаго дабіваўся Сулейман Керымаў. Галоўны акцыянер пачаў актыўна скупляць каштоўныя паперы.


Коммерсант: Амаль адразу пасля выхаду ўладальніка групы ІСТ Аляксандра Несіса са складу акцыянераў Уралкалія свой пакет у ім на 4,55% павялічыў фонд Сулеймана Керымава - Suleyman Kerimov Foundation. Зараз яму належаць 21,75% кампаніі. Па якім кошце быў набыты пакет, не раскрываецца. Але калі фонд спадара Керымава купляў акцыі ўжо пасля абвалу каціровак, справакаванага самім Уралкаліем, ён мог сэканоміць $130 мільёнаў.


Як адзначае газета Коммерсант, акрамя істотнага прыбытку, Керымаў нарасціў свой уплыў у кампаніі: да блокпакета, які дазваляе накладваць вета на любое рашэнне іншых акцыянераў, заставалася менш як 4%. Далей Керымаў і яго менеджары гулялі ўжо па-вялікаму: у канцы ліпеня Уралкалій разарваў адносіны з БКК, а на калійным рынку адбыўся абвал. Кошт акцыі расійскай кампаніі ўпаў прыблізна з 220-270 рублёў адразу да 140 рублёў.


Відавочна, што біржавы абвал рыхтаваўся, і пра яго ведалі ўладальнікі буйных пакетаў акцый Уралкалія. Але не ведала большасць акцыянераў, якая як раз і страціла палову сваіх капіталаў. Напэўна Керымаў ведаў, што пра махінацыі з акцыямі і развал БКК неўзабаве стане вядома. Каб пазбегнуць іскаў, топ-менеджараў Уралкалія за тыдзень да абвалу застрахавалі ад судовага праследавання на 100 мільёнаў долараў.


Андрэй Прароўскі, загадчык кафедры сусветнай эканомікі, маркетынгу, інвестыцый БДТУ: Такая інфармацыя цалкам можа быць, што дзеянні застрахаваныя, і яны чакалі, што могуць пацярпець інтарэсы іх акцыянераў, таму застрахавалі. Г.з. лёгка спрагназаваць, што ў выніку паніжэння цэн на калій будзе ўрон і для акцыянераў у тым ліку.


Керымаў і яго менеджары, якія абвалілі рынак і акцыі Уралкалія, думалі на гэтым добра зарабіць. Разлік быў просты: пасля таго як акцыі Уралкалія ўпадуць на самае дно, пачаць іх скупку па мізэрным кошце.


Біржавыя эксперты гавораць, што няма нічога дзіўнага ў тым, што Керымаў прывёў Уралкалій да краху. Яго стыль - рэйдарскі захоп і прыбытак на махінацыях, а не развіццё і інвестыцыі. Што чакае калісьці паспяховую кампанію - пакуль незразумела. Ва Уралкаліі працуюць больш за 10 тысяч чалавек. Зыходзячы са стылю кіравання іншымі актывамі Керымава, можна выказаць здагадку, што ў выпадку далейшых страт скарачаць выдаткі ён пачне з персаналу прадпрыемстваў, напрыклад, у Салікамску і Беразніках.


Махінацыі Уралкалія закранулі ўвесь калійны рынак і шматлікіх яго гульцоў. Як адзначае агенцтва Bloomberg, за чатыры дні да скандальнага абвалу Уралкалія ў акцыях сусветных калійных кампаній адзначаліся рэкордныя аб'ёмы гульні на паніжэнне. Іншымі словамі, перад тым як абваліць рынак, інсайдары, мабыць, занялі і перапрадалі акцыі сваіх канкурэнтаў. Улічваючы паніжэнне капіталізацыі калійных кампаній больш як на 20 мільярдаў долараў, спекулянты маглі зарабіць мільярды. Няцяжка выказаць здагадку, для чаго структуры, якія валодаюць акцыямі Уралкалія, пазычылі ў пачатку лета мільярды долараў у камерцыйных банкаў.


Вадзім Іасуб, фінансавы аналітык: Што цікава: абвал на рынку гэтых акцый пачаўся загадзя, прыблізна за тыдзень. Аб чым гэта можа нам гаварыць? Аб тым, што, хутчэй за ўсё, хтосьці загадзя ведаў, што будзе такі дэмарш з боку расійскай кампаніі і загадзя пачаў распрадаваць акцыі. Для гэтага ёсць простая назва - інсайдарскі гандаль. Само па сабе жаданне зарабіць на ваганнях акцый, яно нармальнае. Яго выкарыстоўваюць і буйныя інвестары, і дробныя спекулянты. Але вось выкарыстанне інсайдарскай інфармацыі для працы на фондавым рынку з'яўляецца сур'ёзным крымінальным злачынствам. І ў Заходняй Еўропе, і ў ЗША, калі выяўляюцца такія выпадкі, вінаватыя атрымліваюць шматгадовыя тэрміны і вялізныя грашовыя штрафы.


Махінацыі на біржы з каштоўнымі паперамі таксама махінацыі, і за іх магчыма пакаранне. Не выключана, што і на Захадзе будуць разборы, бо дзеянні менеджараў Уралкалія закранулі нямецкіх, канадскіх і іншых трэйдараў.


Як перадае Deutsche Welle, Федэральнае ведамства па наглядзе за фінансавым сектарам Германіі (BaFin) зацікавілася акалічнасцямі рэзкага падзення каціровак нямецкага канцэрна K+S, які займаецца здабычай калію і вытворчасцю калійных угнаенняў. Праводзіцца руцінная праверка на прадмет магчымай маніпуляцыі рынку і фактаў інсайдарскіх здзелак. У выпадку, калі падазрэнне ў маніпуляцыях на фондавым рынку або правядзенні інсайдарскіх здзелак узмоцніцца, ведамства пачне ўжо фармальнае расследаванне па дадзенай справе, растлумачылі там. У гэтай сітуацыі BaFin атрымае права на аналіз канкрэтных здзелак прыватных і юрыдычных асоб. Пасля завяршэння супрацоўнікі ведамства павінны прыняць рашэнне, ці варта перадаваць сабраную інфармацыю ў Пракуратуру для ўзбуджэння справы.


Тым часам адзін з галоўных фігурантаў калійнай справы Уладзіслаў Баўмгертнер застанецца пад вартай. Суд Партызанскага раёна Мінска не задаволіў скаргу адвакатаў на меру стрымання генеральнаму дырэктару Уралкалія, які знаходзіцца ў СІЗА.