Каляндарная зіма завершыцца лужамі і непагаддзю

22 февраля 2016

Амаль дзве сотні мінчан атрымалі галалёдныя траўмы на выхадных. 30 з іх шпіталізавалі. У пацярпелых траўмы шчыкалаткі, пераломы і страсенне галаўнога мозгу. На сёння ў Мінску і сталічным рэгіёне аб'яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. Парывісты вецер да 20 метраў за секунду, галалёд, мокры снег і дождж. Каляндарная зіма завершыцца лужамі і непагаддзю. Надвор'е на апошнім тыдні лютага будуць вызначаць вільготныя паветраныя масы з Балтыйскага мора. Але тэмпература паветра будзе на шэсць градусаў вышэй за кліматычную норму.

Дзмітрый Рабаў, начальнік службы Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі:

"У аўторак ноччу на большай частцы тэрыторыі, а днём месцамі чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Таксама ў начныя і ранішнія гадзіны чакаюцца слабыя галалёдныя з'явы і тэмпература паветра ўначы мінус 1 плюс 4 і дзённая - плюс 1-6 градусаў. У сераду і чацвер месцамі чакаюцца ападкі ў выглядзе мокрага снегу днём, пераходзячага ў дождж. У сувязі з тым, што ў ранішнія і начныя гадзіны будзе падмарожваць, таму месцамі чакаюцца галалёдныя з'явы".

Такое ж няўстойлівае надвор'е чакаецца і на выхадных. Неба праяснее толькі ў нядзелю. Але зацішша прыйдзе ненадоўга. У пачатку сакавіка цёплае надвор'е захаваецца і зажурчаць ручаі. Дарэчы, адліга і нулявая тэмпература зніжае трываласць лёду на 25%. Таму супрацоўнікі МНС нагадваюць асабліва патэнцыяльным ахвярам - аматарам зімовай рыбалкі - пра небяспеку тонкага лёду. Брудная, бура-шэрая паверхня вадаёмаў лічыцца падталай і нетрывалай.