Якой быць першай беларускай IТ-роце, вырашаюць у Ваеннай акадэміі

20 июля 2018

Нацыянальная бяспека застаецца адным з галоўных прыярытэтаў нашай палітыкі - як унутранай, так і знешняй, у тым ліку - бяспека ў кіберпрасторы. І якой быць першай беларускай IТ-роце, вырашаюць зараз у Ваеннай акадэміі. Сёння гэта абмеркавалі з сотняй прадстаўнікоў кампаній - рэзідэнтаў ПВТ. Задачы вайскоўцаў новага падраздзялення будуць звязаныя першым чынам з матэматычным абгрунтаваннем праектаў і вытворчасцю праграмнага прадукту. Для працы будзе дадзена самае сучаснае абсталяванне і праграмнае забеспячэнне. Плануецца, што служыць у IТ-роце будуць маладыя людзі, якія атрымалі вышэйшую тэхнічную адукацыю. Па выніках службы ўсім тэрміновікам будзе прысвоеная спецыяльнасць "аператар ПЭВМ". Першы набор у новую роту пройдзе ўжо ў лістападзе, туды трапяць 40 чалавек.

Рота інфармацыйных тэхналогій стане спецыяльным падраздзяленнем Узброеных сіл на базе Ваеннай акадэміі. На плечы салдат-айцішнікаў ляжа распрацоўка софту спецыяльных і прыкладных праграм. Працаваць кібервойскі будуць сумесна з падраздзяленнямі Ваеннай акадэміі, а таксама іншымі навуковымі і навучальнымі падраздзяленнямі Узброеных сіл.