Якой быць нацыянальнай ідэі

18 октября 2013

Як змясціць у адну фразу думку, якая змагла б перадаць усю сутнасць беларускага народа. Сёння зрабіць крок у гэтым кірунку прапанаваў старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання Белая Русь Аляксандр Радзькоў. Паводле яго слоў, неабходна падумаць аб стварэнні новага нацыянальнага слогана. За моцную і працвітаючую Беларусь! - гэта добра, але трэба ісці далей…



Расказвае Аляксандр Харавец. Падобныя семінары Белай Русі сталі ўжо добрай традыцыяй. Менавіта такія сустрэчы накіраваныя на актывізацыю творчага патэнцыялу кожнага ўдзельніка арганізацыі. І ў першую чаргу ў пошуку нацыянальнай ідэі нашай краіны, яе фармулёўкі і выбары слогана.


Белая Русь - самае шматлікае і самае актыўнае грамадскае аб'яднанне нашай краіны, і дзе, як не ў нетрах яе абмяркоўваць такія важныя тэмы. Нацыянальная ідэя - не што іншае, як душа грамадства. Тое, што нас усіх аб'ядноўвае, робіць адзінай нацыяй. Сфармуляваць і адаптаваць гэтае паняцце да рэалій Беларусі - звышзадача, якая актыўна вырашаецца сёння на самых розных узроўнях. Лепшы спосаб дакапацца да ісціны - грамадскае абмеркаванне. Тэма складаная, але цікавая, а таму ў актавай зале барысаўскай гімназіі сёння няма пустых месцаў і няма абыякавых людзей. І гэта той самы выпадак, калі колькасць проста абавязаная была перарасці ў якасць. Маса ідэй, маса прапаноў, кожная з якіх вартая асобнага абмеркавання.


Аляксандр Радзькоў, старшыня РГА Белая Русь: Мы разумеем, што мы адзіныя, што ў нас традыцыі. Мы іх шануем. Нашы дзяды і прадзяды адваявалі магчымасць адчуваць нас краінай, нацыяй, трэба шукаць такія ідэалагічныя падыходы, каб яны адразу ўспрымаліся. Гэта не простая задача, але гэта нас натхняе. Гэта дае настрой і на вытворчасці, і ў зносінах з людзьмі. Мы жадаем, каб моладзь гэта разумела, і калі яна бачыць гэтую праблематыку з першых вуснаў, вось тады гэта стварае адзінства нацыі.


На парадку дня ўсяго некалькі пытанняў. Аднак удзельнікі семінару замест запланаваных праграмай дзвюх гадзін абмяркоўвалі іх каля 4-х. Як магло быць інакш, калі абмяркоўваецца дэмаграфічная бяспека краіны, прапаганда традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Яшчэ адна важная тэма - прыцягненне абітурыентаў у ВНУ на педагагічныя спецыяльнасці. Прапаноў як гэта зрабіць - маса. Зрэшты, настаўнік, гэта не спецыяльнасць, а прызначэнне, і Аляксандр Радзькоў адным з варыянтаў рашэння праблемы бачыць пошук будучых настаўнікаў літаральна ў дзіцячых садках.


Аляксандр Радзькоў, старшыня РГА Белая Русь: Трэба шукаць людзей, якія схільныя да гэтага, і без гэтага жыць не могуць, і яны будуць сапраўднымі прафесіяналамі. Таму што ніколі не будзе зарплата настаўніка такой жа высокай, як у бізнесмена. Але той рызыкуе, у яго сёння так, а заўтра бізнес не пайшоў, і ён у стрэсавай сітуацыі. Настаўнік больш дасканалая прафесія, але не ўсякі бізнесмен зможа працаваць з дзецьмі, са студэнтамі. Тут трэба асаблівы склад душы, розуму, асаблівая да гэтага цяга. І нам трэба знайсці спосабы выяўлення тых, каму гэта падыходзіць.


Грамадскія арганізацыі, такія як Белая Русь - гэта выдатная пляцоўка для генерацыі новых ідэй. Бо яны аб'ядноўваюць у сваіх шэрагах прадстаўнікоў усіх слаёў грамадства. Сёння толькі ў абласную арганізацыю ўваходзіць больш за 21 тысячу чалавек. Людзі розныя, але аб'яднаныя агульнай мэтай - зрабіць жыццё кожнага, а значыць і краіны ў цэлым, лепшым.


Дарэчы, уступіць у гэткую магутную грамадскую арганізацыю жадаюць нават замежнікі. Пасля пленарнага пасяджэння актывісты Белай Русі наведалі зборачны цэх па вытворчасці легкавых аўтамабіляў джылі. А таксама ўбачылі практычна гатовую да здачы Барысаў-Арэну. У найбліжэйшы час гэты ўнікальны спартыўны аб'ект прыме сваіх балельшчыкаў.


Рух наперад ва ўсіх сферах немагчымы без новых ідэй, і падобныя мерапрыемствы проста неацэнныя. Бо дзе яшчэ можа нарадзіцца ісціна, калі не ў дзелавой, грунтоўнай і разумнай спрэчцы.