Якая спадчына нам засталася ад прадзедаў, і хто з іншаземцаў захапіўся беларускай мовай?

21 февраля 2020
Наша матчына прызнаная адной з самых мілагучных на планеце. Выказванні па-беларуску ўсё часцей можна пачуць на вуліцах, у крамах, на запраўках, класікаў цытуюць дызайнеры адзення. Сёння смела можна сказаць пра моду на мову.  Першыя спробы ўнармаваць беларускі правапіс рабіліся яшчэ 100 гадоў таму. Аднак першым завершаным варыянтам працы навукоўцы лічаць выдадзеную ў 1918 годзе “Беларускую граматыку для школ” Браніслава Тарашкевіча. 

Правапіс удасканальвалі з цягам часу. Значнай падзеяй можна лічыць выхад асобнай кнігі ў 1959-м.

Праект частковых удакладненняў і змяненняў быў падрыхтаваны арфаграфічнай камісіяй пад старшынствам Я. Коласа і К. Крапівы і зацверджаны пастановай Савета Міністраў БССР у 1957-м.

У сучасны стан беларуская мова прыйшла ў 2008 годзе. Калі парламентам краіны быў прыняты Закон «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».

Беларускую мову вывучаюць ва ўніверсітэтах або культурных цэнтрах Польшчы, Украіны, Сербіі, Японіі, Італіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Азербайджана, Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі. 

Паводле афіцыйнай статыстыцы 2012 года, беларускую мову роднай лічаць больш за 5 мільёнаў чалавек, гэта 60% ад усяго насельніцтва краіны. Апошнія статыстычныя даныя, згодна з перапісам насельніцтва, апублікуюць у верасні 2020 года. У беларускім алфавіце 32 літары. Наш алфавіт не мае літар Щ, Ъ. Затое толькі ў беларускай мове ёсць у нескладовае. Помнік літары нават можна знайсці ў Полацку.

У рэйтынгу самых папулярных слоў, якія здзіўляюць не толькі іншаземцаў, знаходзяцца: 

гарба́та – у перакладзе на рускую мову "чай, травяной чай"; 

га́ўбец – "балкон". І закрываюць топ-3 шкарпэткі, якія перакладаюцца проста – "носки". 

Якая спадчына нам засталася ад прадзедаў і хто з іншаземцаў, калі не мы, ужо захапіўся беларускай мовай - у сюжэце Ніны Мажэйкі.

Вы здзівіцеся, але адзін з самых маладых універсітэтаў у Германіі мае аддзяленне славістыкі з беларускамоўным лекторыем. Прафесар Гун-Брыт Колер таксама чытае лекцыі на нашай матчынай. Яна займаецца беларускай літаратурай першай трэці 20 стагоддзя – разбіраецца ў вытанчаных уласцівасцях абаротаў Крапівы, Чорнага... Але натхніў у свой час Колас і яго "Новая зямля". Хаця для яе Беларусь ужо не тэра інкогніта. Упершыню прыехала ў Мінск у 2008-м, пашанцавала, трапіла да доктара філалогіі, таксама прафесара з сотнямі навуковых публікацый за плячыма. Пачалі з фанетыкі – вымаўлялі складаныя "дж", "ц", "ч". За кароткі тэрмін матывацыя спрацавала на вынік. Зараз прафесар Колер працуе над сумесным нямецка-беларускім праектам. Ацаніце самі. 

На філалагічным факультэце Бялградскага ўніверсітэта таксама могуць скланяць не толькі назоўнікі, але і прыметнікі. Штогод збіраюць дзве групы па 20 студэнтаў у кожнай. Выкладае прадмет настаўніца з Беларусі Святлана Галяк. Праграма ў галоўнай навучальнай ўстанове Сербіі разлічана на два гады. 

Самаідэнтыфікацыя і аўтэнтычнасць – не пустыя словы ў сучасным свеце. Кожны дзень мы падтрымліваем статус роднай мовы ў сваёй краіне. Хто як не дыпламаты ведаюць усё пра моўную бяспеку. У Дзень роднай мовы кожны з прадстаўнікоў замежных місій у Беларусі стаў дэкламатарам. На гэты раз зусім не афіцыйных прамоў.

Да Дня роднай мовы дыпламатычнае ведамства запусціла фірменны набор стыкераў Міністэрства замежных спраў Беларусі. Паводле звестак Viber, ён стаў дзясятым на беларускай мове за ўсю гісторыю існавання кампаніі. Кожны можа дадаць у перапіску ноты беларускай дыпламатыі. Для карыстальнікаў Viber паслуга бясплатная. 

Тое, што мова і мода кампліментарныя, сцвярджаюць нават дызайнеры. Мінскі гадзіннікавы завод выпусціў лімітаваную калекцыю «Зорка Венера». Ці памятаеце вы радкі беларускага класіка Максіма Багдановіча? Кампанія А1 патурбавалася аб моўным настроі вясной. Так, у Мінску і ў абласных цэнтрах хутка з'явяцца месцы дадатковага канэкту не толькі з сусветным павуціннем, але і з роднымі мясцінамі. Манументальныя тэкставыя інсталяцыі стануць месцамі камфортнага адпачынку, бо фактычна будуць эквівалентам мэблі з дрэва і металу. Праект атрымаў адпаведную назву "Мова".

Мова становіцца арт-аб'ектам і падставай для рэпертуару. Сумесны тур да юбілею Вялікай Перамогі рыхтуюць салаўі абедзвюх эстрад – беларускай і расійскай. Анатоль Ярмоленка і Леў Лешчанка. 

Яны ведаюць усё пра родную зямлю і, зразумела, мову. Лешчанка заспявае па-беларуску ўжо ў маі падчас тура.  Пра іх гавораць - "залатыя галасы". Прамаўляюць ці спяваюць пра сапраўдныя каштоўнасці. Як мова. Наша беларускае золата. Без кошту. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя