Якім будзе святочны эфір на "Беларусь 1"

29 декабря 2018

Які ж Новы год без любімых фільмаў і перадач? Пачынаючы з заўтрашняга дня, тэлегледачоў "Беларусь 1" чакаюць святочныя выпускі. Будзем аналізаваць у "Галоўным эфіры", спяваць і танцаваць падчас беларускага агеньчыка і па-сапраўднаму запальваць разам з удзельнікамі дзіцячага "Еўрабачання". Якім будзе святочны эфір на першай кнопцы? Пункты адліку тэлевізійнага года і кароткае кіраўніцтва да дзеяння - у рэпартажы Ніны Мажэйкі.

Першым "прыбраў" галоўную ёлку краіны "Галоўны эфір". Піксэльную красуню апранулі ў інфармацыйны лук спецыяльна для святочнага эфіру 30 снежня.

Выязная студыя аналітычнай праграмы размясцілася непадалёк ад нулявога кіламетра - насупраць. Пункт адліку ўсіх падзей года. Але "Галоўны эфір" не абнуляе, а запускае новы інфармацыйны год.

Каб і надыходзячы год быў шчодрым на эксклюзівы, правядзем яго годна з тэлепашанамі і ў кампаніі медыйных персон. Апошнюю нядзелю года сустрэнем разам з тымі, хто даваў падставы для гутаркі і ежу для разваг.

Глеб Лаўроў, аўтар і вядучы міжнароднай рубрыкі "Макей&Лаўроў", сцэнарыст праграмы "Галоўны эфір. Пункты адліку": "Мы пабывалі ва ўсіх месцах, дзе адбывалася ўвесь год самае цікавае, і дзе нашы карэспандэнты заўсёды аказваліся калі не першай камерай, то ў шэрагу першых камер. Мы б жадалі, каб наш глядач убачыў усе гэтыя падрабязнасці і адчуў сябе непасрэдным удзельнікам, перажыў гэта зноў за адну маленькую інфармацыйную ноч".

А гэтыя тэмы застануцца ў гісторыі топ-5. Для гледачоў іх падрыхтавалі калегі - Макей і Лаўроў. Гэты дуэт падасць гарачыя стравы сусветнай палітыкі пад лёгкім соусам і з музычным суправаджэннем.

Вольга Макей, аўтар і вядучая міжнароднай рубрыкі "Макей&Лаўроў": "Хронаметраж гэтай праграмы - каля 7 хвілін. 7 хвілін - гэта вельмі мала для таго, каб распавесці аб найважнейшых падзеях, але вельмі шмат для таго, каб глядач стаміўся. А не хочацца ў пераднавагоднія дні загружаць гледача нейкімі цяжкімі тэмамі. Гэтым разам мы вырашылі паднесці гэта ў вельмі лёгкай форме, іранічнай. Кожная тэма або падзея будзе падмацаваная песняй. Каб паказаць усю глыбіню аналітыкі нашай праграмы, мы ўпершыню пагрузімся пад ваду. Ды яшчэ і з елкай".

Глыбока нырнем у падзеі адыходзячага года. Разам з "Галоўным эфірам" пабываем там, дзе рыхтуюцца браць вышыню і круціць сальта нашы фрыстайлісты.

А яшчэ вернемся на 100 гадоў. Абрэвіятура, за якой цэлае стагоддзе, - БССР. Беларуская савецкая сацыялістычная рэспубліка.

Спецыяльны рэпартаж у святочным эфіры. Дата і праўда юбілейная. Гістарычны лікбез праз аўтара. З чаго пачыналася радзіма нашых прадзедаў. Зазірнем гісторыі ў вочы - у Оршы, Смаленску і, вядома, у Мінску. А таксама знімем грыф "сакрэтна" з архіўных дакументаў.

Сяргей Гусачэнка, намеснік Старшыні Белтэлерадыёкампаніі: "Асаблівасць праекта ў тым, што ён пабудаваны на стэндапах. Гэта азначае, што журналіст, аўтар, заўсёды прысутнічае на месцы падзей. З пункта гледжання візуальнага - гэта заўсёды цікава, а з пункта гледжання тэлевытворчасці - гэта заўсёды складана. 6 старонак тэкста. Ніякага суфлёра. А здымкі і ў мінус 15, і ў праліўны дождж, як сёння. Але насамрэч, заўсёды цікаўна дакрануцца да гісторыі".

Аб малой радзіме і ў песні спяваецца. Год мініятурных форм, якія займаюць вялікае месца ў сэрцы кожнага, правядзем пад музыку. За дзве гадзіны да наступлення паўночы тэлегледачоў пачнуць віншаваць беларускія артысты.

Сяргей Шышко, намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала "Беларусь 1": "Канцэпцыя даволі простая. Яе можна змясціць літаральна ў адну фразу - хіты беларускай эстрады. Наша канцэпцыя звязаная з Годам малой радзімы, таму ўсе віншаванні і частка песень, і вядзенне нашых артыстаў - усё будзе на беларускай мове".

Дасылаць прывітанні будуць з самай вялікай студыі медыяхолдынга. Эфір 1 студзеня зноў прымусіць настальгаваць па праекце, які выйшаў за рамкі студыйнага павільёна.

Гэтыя эмоцыі на высокай ноце мы ўжо сапраўды не забудзем яшчэ доўга. Гэта я зараз пра дзіцячае "Еўрабачанне". Спецыяльна для тых, хто жадае асвяжыць у памяці самыя яркія моманты шоу, у дзённы прайм-тайм першай кнопкі 1 студзеня дадалі тэлевізійны конкурс. Нагадаем: 20 краін-удзельніц, самая вялікая сцэна ў гісторыі і непадробныя эмоцыі ўдзельнікаў.

Па колькасці праглядаў дзіцячае "Еўрабачанне" ў Мінску дарасло да дарослага. І мы нагадаем вам чаму. А адразу пасля - бэкстэйдж тэлевізійнага шоу ў фільме Агенцтва тэленавін. Тое, што засталося за рамкамі тэлевізійнай трансляцыі, але апынулася ў рэпарцёрскім фокусе. Ізноў выйдзем у адкрыты космас, каб запальваць у тэлевізійным эфіры наступнага года.