Якія праблемы хвалююць жыхароў вёсак, аграгарадкоў і гарадоў. Рэпартаж "Галоўнага эфіру".

12 мая 2019

Добраўпарадкаванне двароў, рамонт дарог, навядзенне парадку на зямлі... Пытанні канкрэтных людзей і населеных пунктаў, якія часам не вырашаліся шмат гадоў. Болевыя пункты на месцах дапамог пазначыць "Вялікая размова з Прэзідэнтам". Без малога тры тысячы чалавек дзякуючы зваротнай сувязі змаглі асабіста звярнуцца да Кіраўніка дзяржавы. 

Па слядах "Вялікай размовы" адправіліся і журналісты АТН. У эфіры нашага тэлеканала мы распавядалі, якія праблемы хвалююць жыхароў вёсак, аграгарадкоў і гарадоў. Як вырашаюцца паднятыя пытанні? Рэпартаж "Галоўнага эфіру". 

Расказвае Марына Раманоўская.

Жыхары гэтага двара ў самым цэнтры Полацка якаснага рамонту дарожнага палатна не бачылі шмат гадоў. З праблемай, якая ў усіх навідавоку, неаднаразова звярталіся да мясцовых улад. Ям менш не станавілася, таму і скарысталіся зваротнай сувяззю падчас падрыхтоўкі "Вялікай размовы". Паступова тэрыторыя стала зменьвацца. Мясцовыя ўлады ўпэўніваюць: ужо ў найбліжэйшы час тут навядуць ідэальны парадак. 

Сітуацыя змянілася кардынальна. Дарожныя службы працуюць па ўсім горадзе. Укладваюць асфальт, добраўпарадкоўваюць пешаходныя тэрыторыі і прыводзяць у парадак парковачныя месцы. З трохсот двароў у Полацку рамонт патрабен палове. 

У спісе двароў, якія павінны змяніцца за лета, і гэты - у мікрараёне Марыненкі. Вялізныя ямы тут на кожным кроку.

Праблему абвастрае і недастатковая колькасць ліўневых каналізацый. Паўстагоддзя таму, калі мікрараён інтэнсіўна забудоўваўся, гэты момант не ўлічылі. І зараз нават невялікі дождж прыводзіць да вялікай вады. 

У планах - цалкам заасфальтаваць двор. Дзякуючы комплекснаму падыходу, гавораць спецыялісты, пераскокваць лужыны жыхарам мікрараёна больш не прыйдзецца. 

Паралельна ў старажытным Полацку абнаўляюць і вулічнае асвятленне. І гэта не проста замена старых свяцілень на новыя энергазберагальныя. Інавацыйныя тэхналогіі дапамогуць запальваць гарадскія агні з аднаго дыспетчарскага пункта і маментальна ўхіляць паломкі. 

Пётр Шпачэнка, як і шматлікія жыхары Пінска, занепакоены станам мемарыяла, які захоўвае памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Помнік усталявалі ў пачатку двухтысячных на ахвяраванні саміх гараджан. Мемарыял уключае скульптурную кампазіцыю ў гонар палескіх партызан і сімвалічную паляну партызанскай славы з імітацыяй зямлянак. Бо менавіта ў Пінску ўжо на 5-ы дзень вайны дзейнічаў партызанскі атрад пад камандаваннем Васіля Каржа. 

За 17 гадоў скульптурная кампазіцыя са сплава бронзы і медзі пад уздзеяннем навакольнага асяроддзя змяніла сваё аблічча. Пакрываецца пацінай. Мара Пятра Шпачэнкі - вярнуць помніку першапачатковы выгляд. З такой просьбай і звярнуўся напярэдадні "Вялікай размовы". Сёння шматлікае ўжо зроблена. 

У мясцовым райвыканкаме запэўнілі: на этапе добраўпарадкавання тэрыторыі не спыняцца. Пытанне па абнаўленні самога помніка абавязкова будзе вырашанае.