Як Талачын адзначае 590-годдзе

1 июля 2023
Закладка алеі, прысвечанай Году міру і стваральнай працы, адкрыццё дзіцячай пляцоўкі, стаматалагічнага аддзялення ў ЦРБ, выставы-кірмашы і пірацкі квэст пройдуць у Талачыне 1 ліпеня - у дзень святкавання 590-годдзя горада, перадае БЕЛТА.

У святочнай праграме больш за два дзясяткі падзей. Асноўныя з іх адбудуцца ў цэнтральнай частцы Талачына. Пачалося свята ў 10:15 з традыцыйнага ўскладання кветак да брацкай магілы ў парку "Юзэфполле". Адразу пасля гэтага ў цэнтры ўрачыстым шэсцем пройдуць працоўныя калектывы раёна.

З самай раніцы ў горадзе працуюць тэматычныя пляцоўкі і фотазоны, падворкі сельсаветаў і Свята-Пакроўскага жаночага манастыра, які зачароўвае сваёй веліччу і прыгажосцю. Госці да позняга вечара змогуць наведаць гандлёвыя рады, выставу-кірмаш "Талачын - горад майстроў" і атракцыёны. На вуліцы Валадарскага прадпрыемствы прадэманструюць сельскагаспадарчую тэхніку, а ў цэнтральным скверы  адбудуцца  паказальныя выступленні барцоў. Ратавальнікі прапануюць стаць гледачамі або ўдзельнікамі спаборніцтваў па пажарным кросфіце і прайсці пірацкі квэст "Востраў 112".

Культурную частку свята ўпрыгожаць выступленні ансамбляў падчас шоу з жывой музыкай. Аматары футбола збяруцца ў якасці гледачоў матча на стадыёне "Меліяратар". Вечарам гасцей і жыхароў Талачына чакаюць канцэрты артыстаў і моладзевая дыскатэка.

Завершыцца Дзень горада гучна і відовішчна - апоўначы неба над Талачынам расфарбуе святочны феерверк.