Як захаваць традыцыю і не нашкодзіць здароўю - расказала госця анлайн-канферэнцыі

18 января 2018

На Вадохрышча многія па старадаўняй традыцыі рыхтуюцца акунуцца ў палонку. Заўтра ў Мінскай вобласці купальныя месцы будуць абсталяваны на васьмі вадаёмах. Але ж далёка не ўсім паказаны такія водныя працэдуры. Як захаваць традыцыю і не нашкодзіць здароўю. Сёння падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі пра гэта расказала госця студыі.

Кацярына Кавалькова, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення № 2 цэнтральнай раённай паліклінікі Ленінскага раёна № 6 г. Мінска: "Усё ж хацелася б звярнуць увагу нашых людзей на тое, што ёсць медыцынскія супрацьпаказанні. Гэта захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, захворванні органаў дыхання, захворванні нервовай сістэмы. Калі ў вас маюцца такія захворванні, але вы хочаце ўсё ж акунуцца ў палонку, калі ласка, будзьце пільныя, звярніцеся да доктара. Я думаю, што ён вам дасць неабходныя рэкамендацыі. Тады ў будучыні вы зможаце альбо акунуцца ў палонку, альбо пакуль устрымацца ад гэтага".

Рыхтавацца да зімовага купання варта загадзя: загартоўвацца і прымаць кантрасны душ. Непасрэдна падчас купання абавязкова выконваць рэкамендацыі дзяжурных службаў - работнікаў МНС, Асвода і медыкаў.