Як вырашыць праблему з прыватнай забудовай у галоўным горадзе краіны?

17 марта 2019

Дарэчы, адразу ж пасля нарады мэр Мінска даў вялікае інтэрв'ю нашаму тэлеканалу. Дзе сталічны кіраўнік абяцаў вырашыць праблему і з прыватнай забудовай у галоўным горадзе краіны. Пытанне актуальнае, рэзананснае… і трохі нагадвае класіку кінематографа - фільм "Белыя Росы", дзе канфлікт горада і вёскі паказалі асабліва выразна. 

Адразу ўспамінаецца фраза пра тое, што людзі павінны размаўляць не языкамі, а душой. Менавіта гэтую формулу ўзялі на ўзбраенне героі нашага наступнага матэрыялу. Сядзібная забудова ў Сухараве, Грушаўцы - там прыватныя сектары раслі як грыбы пасля дажджу. Зараз, паводле новага генплана, нешта знясуць, асобныя вуліцы пакінуць. 

А вось чаму гэты самы генплан Мінска так часта змяняецца? Новыя перамены Анатоль Сівак анансаваў і да канца гэтага года. Як знайсці залатую сярэдзіну, каб не абламаць нямала галінак і не наламаць дроў у прыдачу. Ці сапсавала жыллёвае пытанне мінчан-прыватнікаў? Трэцяя частка "Белых Рос" - гэтым разам у Мінску - у матэрыяле Анастасіі Бенедзісюк

Белыя Росы ў межах сталіцы. Грушаўка! І такіх вёсак - у кожным раёне Мінска. Пятроўшчына, Сухарава, Масюкоўшчына, Уручча: яшчэ дзесяць гадоў таму на месцы каменных джунгляў былі хіба што кветнікі з духмяным бэзам. Дрэвы былі вышэйшыя, а дамы ніжэйшыя. Дзве сотні вёсак паглынуў Мінск з 1874 года! 

Неперспектыўная і ад таго, што доўгія гады на месцы прыватнай забудовы гараджанам не дазвалялі праводзіць глабальны рамонт, маўляў, знесці можам у любы момант. Дамы фатаграфавалі і пры нагодзе прапанаваць маглі варыянт паводле ацэненага здымка. Падлічыўшы эканамічныя перспектывы, людзі апускалі рукі. Па-гаспадарску ставіцца да роднай зямлі многія папросту не бачылі сэнсу. Вынік - навідавоку. Наўрад ці ў такім антуражы пачуваешся жыхаром мегаполіса. 

З сумам як карэнны мінчанін Павел Лучыновіч параўноўвае гэтыя крывыя дамы ў сталіцы з прыватнай забудовай у Капылі, дзе часта бывае. 

А ўжо як старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама праводзіць паралелі з хатамі праз пару вуліц. Таксама Мінск. І гэты ж Савецкі раён. Рашэнне па пэўным участку аб тым, што знасіць усё ж не будуць, тут прынялі даўно. На месцы сціплых, яшчэ пасляваеннай пабудовы дамоў адразу з'явіліся дагледжаныя катэджы.

І шлях вызначаны. Калі паводле генплана 2010 года цалкам захоўвалася крыху менш за 30 % сядзібных тэрыторый, то ўжо ў 2016 было вырашана прапарцыйна змяніць стаўленне да пытання: 70 да 30. З карты павінны былі знікнуць прыватныя валоданні ў цэнтры, уздоўж 10  гарадскіх праспектаў і ўсярэдзіне другога транспартнага кальца. Пад бульдозер трапляў і Сельгаспасёлак. 

Вялізная тэрыторыя на поўначы сталіцы. З 881 дома знесці хацелі 614. Супраць тады выказаліся паўтары тысячы мясцовых жыхароў, але горад стаў на бок двухсот чалавек. У канцы мінулага года ініцыятыўная група звярнулася да новага мэра Мінска. Анатоль Сівак выехаў на месца.

І вось дзе гуляе ўся вуліца! Гэтае інтэрв'ю з Анатолем Сівакам на нашым тэлеканале выйшла ў панядзелак; ужо на наступны дзень, прызнаецца жыхар Сельгаспасёлка, разам з жонкай выбіраў шпалеры! 

За дзясятак метраў да кухні пенсіянер паспее распавесці, што ўжо і не спадзяваўся. Ды і зараз ёсць сумненні, ужо надта доўга цягнецца ўся гэтая барацьба за свой кавалак зямлі. 

Тут у сям'і гарод, яблыні і паўвекавая вішня. І такое жыццё пара мінчан Ражко ні завошта б не прамяняла на "шпакоўню" - інакш кватэру ў гмаху пенсіянеры і не завуць. Іх дом на 80 метраў - са сваёй гісторыяй для ўсяго Мінска: у 50-х яго перанеслі з месца сучаснай філармоніі. 

Між тымі некалькі хацін у Сельгаспасёлку ўсё ж знясуць, асобна, працягвае ўжо Павел Лучыновіч. Напрыклад, вось гэты маленькі анклаў - некалькі дамоў, цалкам акружаных шматпавярхоўкамі. Камунальны заказчык вызначаны, жыхарам пачалі выплачваць кампенсацыю. Аказалася, ахвотнікаў змяніць становішча таксама нямала. 

Маскоўскі раён Мінска. Грушаўка.  Вада ў калонцы, пячное ацяпленне, да магазіна яшчэ прыпынак праехаць трэба. З плюсаў Ала Раманаўна заве толькі метро. Ужо пяць гадоў жыхарам дамоў на невялікім лапіку каля станцыи "Грушаўка" абяцаюць: вось-вось і знясуць. Але справа не рухаецца. 

Паводле генплана 2016, у Маскоўскім раёне ў зону захавання патрапілі толькі два ўчасткі - вуліцы Курганная і Кандрата Крапівы. Уся астатняя тэрыторыя з прыватнай забудовай будзе зносіцца. На чарзе 920 дамоў. 

Пенсіянерка з дачкой пакуюць чамаданы і, гледзячы на гмахі праз дарогу, мараць аб прыемных клопатах, звязаных з пераездам. І як першым у кватэру зойдзе кот Васька, які прывык да жыцця на волі. 

Ёсць і другі варыянт - наўзамен атрымаць таксама прыватны дом. Але за МКАДам. Меркаванні жыхароў улічаць.

Работа па генплане Мінска 2016 прыпыненая. Пра гэта на тыдні паведаміў мэр Мінска. "Мінскграда" даручана дапрацаваць дакумент да канца года. Якім чынам, у горадабудаўнічай арганізацыі не пракаментавалі. 

Праца наперадзе вялікая. Але прыклады з Сельгаспасёлкам або Сухаравам - там зараз пытанне са зносам прыватнай забудовы вынеслі на чарговае грамадскае абмеркаванне - даказваюць: здаровыя адносіны вёскі і горада наладжваюцца. А там глядзіш, і дым з коміна стане архітэктурнай асаблівасцю беларускай сталіцы.