Як прайсці па дарозе, якой не існуе?

9 марта 2017

Такую загадку кожны дзень вырашаюць жыхары вёскі Хазянінкі Пухавіцкага раёна. Каб дабрацца да асноўнай магістралі, людзі вымушаны хадзіць у рыбацкіх ботах. Менавіта такую карціну сёння назірала і наша здымачная група. Праехаць па вёсцы на аўто таксама няпроста - тэхніка буксуе. Падрабязна Аляксандр Харавец.

Вуліца Мысліўца ў вёсцы Хазянінкі хутчэй нагадвае трасу для джып-трыяла, чым праезную частку. Выходзіць на двор мясцовыя жыхары без гумовых ботаў проста баяцца.

На гэтую дарогу баяцца заязджаць не толькі на легкавых, нават грузавых аўто. Вось і вадзіцель смеццявоза даязджае толькі да сярэдзіны вёскі, а потым разварочваецца.

Сёння ў вёсцы налічваецца больш за 120 дамоў. І калі маладыя сем'і яшчэ могуць хоць неяк дабрацца да трасы, то сталыя людзі ўвогуле з двара не выходзяць. Паводле слоў Ніны Жалудко, сваім дзецям яна забараняе прыязджаць да яе – баіцца, што сыны не змогуць потым выехаць.

Са сваімі праблемамі вяскоўцы не раз звярталіся да мясцовых улад. Аднак замест рамонту дарог атрымлівалі толькі пісьмовыя адказы.

У Пухавіцкім райвыканкаме на пытанне, што ж будзе з дарогамі, дакладнага адказу нам атрымаць не ўдалося. Па словах начальніка раённага ДРБУ, у такім бездарожжы вінаваты самі жыхары. Тры гады таму ў Хазянінках праклалі газаправод, і з-за гэтага ўсе трасы перакапалі. А вось аднавіць у адзін момант не атрымліваецца.

Пакуль і дарожныя службы, і жыхары вёскі чакаюць сонечных дзён, сіноптыкі прагназуюць кароткачасовыя дажджы. Таму насельніцтва вёскі яшчэ на некаторы час застанецца людзьмі на балоце.