Як праводзяць час дзеці ў сямейных садках?

7 апреля 2018

Сямейныя, гульнявыя і нават выхаднога дня. Беларусь развівае альтэрнатыўныя формы дашкольнага выхавання дзяцей. Актуальна гэта як для невялікіх вёсак, дзе няма класічных дзіцячых садкоў, а вазіць за дзясяткі кіламетраў праблематычна, так і для новых мікрараёнаў у буйных гарадах, дзе за ростам колькасці жыхароў не паспявае інфраструктура. Як праводзяць час дзеці ў сямейных садках? Рэпартаж Антаніны Станкевіч.

Вакальныя гурткі, маляванне, а для самых маленькіх - аквагрым. На такіх творчых занятках нясумна бывае не толькі дзецям, але і бацькам. Гэта накшталт групы звычайнага дзіцячага садка, толькі працуе яна выключна па суботах. Да таго ж, сюды запрашаюць менавіта тат. Матулям уваход забаронены - у гэтыя вольныя гадзіны яны займаюцца сваімі справамі.

4-гадовая Ліза з сястрой Варварай з задавальненнем гуляюць. Галоўны ў іх кампаніі - тата. Дзмітрый Ляўковіч кожную суботу - удзельнік дзіцячага сада для бацькоў з дзецьмі.

А вось не па гадах сур'ёзны Данік Аляксандравіч ходзіць у садок без бацькоў. Праўда, тут і так усе свае. Утульная невялікая група - усяго пяць чалавек - і амаль што усе дзеці адно адному прыходзяцца сваякамі.

Сямейны дзіцячы садок з'явіўся у вёсцы Волма некалькі гадоў таму. Два пакоі знайшліся ў мясцовай школе. У адрозненні ад звычайных садкоў гэты працуе з 9 да 16 гадзін - бацькам гэтага хапае. А галоўнае, што ён тут, пад бокам. Не прыходзіцца вазіць дзяцей спецыяльным аўтобусам за 12 кіламетраў.

У Дзяржынскім раёне, напрыклад, сёння ствараюць альтэрнатыву класічным дзіцячым садкам. Пераважна спецыяльныя групы з'яўляюцца ў невялікіх вёсках, аддаленых ад райцэнтра і буйных аграгарадкоў. Адкрываюць не толькі сямейныя садкі, якія могуць працаваць па скарочаным графіку ў будні, але і дзённыя групы, гульнявыя пляцоўкі, дзе дзятва бавіць час ўсяго некалькі гадзін. Галоўнае - кожнага хлопчыка і дзяўчынку належным чынам падрыхтаваць да школы. Для астатніх ахвочых арганізаваны падвоз.

Такія альтэрнатыўныя формы выхавання дзяцей ствараюць ва ўсіх раёнах краіны. Асабліва актуальна гэта для невялікіх вёсак альбо для мікрараёнаў-новабудоўляў у буйных гарадах, дзе дзіцячых садкоў не хапае. Дарэчы, адкрыць сямейную групу можна і дома. Зараз такіх сямейных груп усяго 7, але не выключана, што з цягам часу іх стане больш, бо патрэба ў іх відавочная.