Як бавіць канікулы з карысцю?

8 июня 2015

Насычаная творчая і адукацыйная праграма сёлета чакае беларускіх школьнікаў і ў лагерах. Моўны інтэнсіў, спаборніцтвы, заняткі ў тэатральных студыях. Распрацавана нават спецыяльная праграма - для юных фізікаў, лінгвістаў і спартсменаў.

Як бавіць канікулы з карысцю, даведвалася Надзея Сербіненка. Электраметр, тэлурый і электрафорная машына. З гэтымі прыборамі дзевяцікласніца Анастасія Курылёнак не расстаецца нават на канікулах. Вывучаюць фізіку паглыблена - з акцэнтам на практычныя вопыты - вучні сорак дзявятай сталічнай школы нават у школьным дзённым лагеры.

Правесці лета з карысцю толькі ў Мінску вырашылі 60 тысяч школьнікаў. Большасць з іх адпачнуць у загарадных кругласутачных лагерах, астатнія - у лагерах дзённага знаходжання. У такім "дзённым" фармаце працуе і гэтая моўная школа.

Пакуль бацькі на працы, гэтыя першакласнікі ў даступнай гульнявой форме знаёмяцца з англійскай мовай.

Летні моўны інтэнсіў. Гэты кірунак у апошнія гады стаў асабліва папулярным. Бо ўсяго за тры летнія месяцы школьнікі могуць асвоіць асновы новай мовы - напрыклад, кітайскай, французскай або іспанскай, або падцягнуць англійскую.

Лагер з кругласутачным знаходжаннем - добрая альтэрнатыва для тых бацькоў, каму няма з кім пакінуць дзіця. Па ўсёй краіне іх больш як паўтары тысячы. У цэнтры "Лідар" падтрымліваюць рэспубліканскую аздараўленчую кампанію "Лета на карысць". За дваццаць дзён змены дзеці тут прыкметна паляпшаюць сваю фізічную форму і даведваюцца яшчэ больш пра літаратуру, гісторыю і інфарматыку.

Сёлета акцэнт зрабілі на профільныя лагеры - для ўдзельнікаў алімпіяднага руху, спартсменаў, лінгвістаў і будучых ратавальнікаў.

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі па ўсёй краіне будуць працаваць больш за пяць тысяч аздараўленчых лагераў. Сярэдні кошт пуцёўкі з кругласутачным знаходжаннем - каля 3,5 мільёнаў рублёў. Вялікая частка месцаў на найбліжэйшыя змены ўжо забраніраваны, але магчымасць правесці канікулы з карысцю ў школьнікаў усё яшчэ ёсць.