Як правесці надыходзячы ўік-энд - падказкі ў рубрыцы "Праменад"

9 июля 2021

Не толькі на джазавыя стандарты, але і на рок-оперу чакаюць эстэтаў у беларускай сталіцы. На сцэне музычнага тэатра рамантычная гісторыя "Юнона і Авось". А ў Верхнім горадзе гатовы навучыць танцавальным па. Студыі сучаснай харэаграфіі запрашаюць на адкрыты майстар-клас. Як правесці надыходзячы ўікэнд - падказкі ў рубрыцы "Праменад".

Праз дзесяць гадоў антракту на сцэну Вялікага вяртаецца оперны трылер “Дзікае паляванне караля Стаха”. Гістарычным дэтэктывам Уладзіміра Караткевіча тут дадуць заключную сцэну 88 сезона. Версія спектакля 2021-га - гэта мінімум купюр, больш арыгінальных партытур і хор, які танцуе Солтанаўскі вальс.

Містычны нацыянальны бестселер не проста беражліва аднавілі, пастаноўку прыправілі рэалізмам. Тэлепартуюць гледача ў асабняк Яноўскіх дэкарацыі-трансформеры. Ва ўбранні сцэны разгадаем не толькі балоты Палесся і сталёвых коннікаў, але і матывы слуцкіх паясоў. Акрамя салістаў, задзейнічаныя артысты мемансу і хор, увогуле - сотня выканаўцаў. Спяваюць вакалісты на мове арыгінала.

На прэм'ерным паказе ў нядзелю гледачам прадставяць і ангажаваную ў Вялікім зорку. Плануецца, што адразу ў трох дзеях кампанію салістам на сцэне складзе конь. Да падобных рэжысёрскіх прыёмаў звяртаюцца і калегі па оперным цэху ў знакамітым "Ла Скала".

Пакуль беларускія акадэмічныя падмосткі рыхтуюцца да закрыцця тэатральнага сезона, мінскія выставачныя пляцоўкі не ідуць на антракт. У Нацыянальным мастацкім - лікбез па гісторыі беларускай шкловытворчасці. Раўнавагу паміж утылітарнай і дэкаратыўнай функцыяй далікатнага матэрыялу знайшоў Уладзімір Мурахвер.

Крохкая творчасць пакінула фонды да 90-годдзя заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Ператвараць прадметы з рэмаркай "руцінныя" ў арт-аб'екты і фіксаваць уласную філасофію ў шкле Мурахвер пачаў адразу пасля вучобы ў Ленінградскім мастацка-прамысловым. Аўтар задаў тон новаму стылю "Нёманскага" шкла і некалькі дзесяцігоддзяў быў іграючым трэнерам - галоўным мастаком завода.

Мінск да, падчас Вялікай Айчыннай і сёння. Хранікальнымі калажамі жыццёвага сцэнарыя горада з Нацыянальным гістарычным падзяліўся калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў. Да выставы ў віртуальным фармаце аднавілі і фрагмент даваеннага гарадскога ландшафту парка Горкага.

А тых, хто за оўпэн-эйр-фармат, ужо заўтра чакаюць на пляцоўцы каля Палаца спорту. Разгледзець у дэталях рэтра-аўто і пазнаёміца з сучаснымі мадэлямі машын, а таксама паўдзельнічаць у інтэрактывах з нагоды гістарычнай даты запрашае Дзяржаўтаінспекцыя. Такім быў арт-дайджаст гэтага тыдня. Сачыце за навінамі ў рубрыцы "Праменад" кожную пятніцу і выбірайце свой культурны маршрут.