Як праходзяць урачыстасці ў паўночным рэгіёне. На сувязі Віцебск

9 мая 2019

На сувязі Віцебск. Там працуе наш карэспандэнт Вольга Маслоўская. І як праходзяць урачыстасці ў паўночным рэгіёне? 

Добры дзень! З Днём Перамогі! У паўночным рэгіёне краіны 9 Мая адзначаюць па-асабліваму цёпла. Святочны настрой з самай  раніцы ахапіў жыхароў і гасцей абласнога цэнтра. Падзякаваць ветэранам за Перамогу, сюды, на галоўную плошчу Віцебска прыйшлі тысячы чалавек. 

Ля Вечнага агню - ганаровая варта. Да манумента ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў ляглі жывыя кветкі. Памяць загінуўшых герояў ушанавалі хвілінай маўчання. 

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Віцебскай вобласці загінула больш як 560  тысяч чалавек. Гісторыі сваіх сем'яў жыхары рэгіёна распавялі, далучыўшыся да маштабнай акцыі "Беларусь памятае". 

У памяць аб загінуўшых воінах і мірных жыхарах, спаленых вёсках і разбураных гарадах - ля манумента запалілі лампады. 

Сёння свята ў Віцебску праходзіць адразу на некалькіх пляцоўках. Канцэрты, выстава ваеннай тэхнікі, забаўныя гульні для дзяцей  - у праграме шмат цікавага. Свой падарунак для гараджан падрыхтаваў і духавы аркестр, які выканае пераможныя маршы!