Як навесці масты паміж бяспекай і выгодай. Рэпартаж з Барысава

29 марта 2019

Жыхары Барысава сутыкнуліся з амаль бязвыхаднай сітуацыяй. У горадзе ідуць маштабныя работы па рэканструкцыі і добраўпарадкаванні, і там закрылі адзіны пешаходны мост праз раку. Гараджане, нягледзячы на аварыйны статус пераправы, вось ужо больш як 4 месяцы працягваюць карыстацца менавіта гэтым шляхам. Кіраўніцтва горада прыняло некаторыя меры для выпраўлення непаладак, аднак іх было недастаткова. З якімі перашкодамі сутыкаюцца барысаўчане? І як навесці масты паміж бяспекай і выгодай? Матэрыял Мікіты Дзяменцьева.

У трываласці пешаходнага моста ў Барысаве гараджане не сумняваюцца. За чатыры месяцы бетонавыя блокі і прывараныя трубы сталі звыклымі перашкодамі ў маршруце. Такія трукі пешаходы выконваюць мінімум па 4 разы на дзень. Падзелены на дзве часткі горад злучаюць тры масты: чыгуначны, аўтамабільны і пешаходны. Апошнія два з'яўляюцца спосабам для барысаўчан патрапіць на іншы бок горада. І вось яна дылема: выбраўшы аўтамабільны мост, абыходны шлях павялічыцца да трох кіламетраў, а пешаходны наогул у снежні мінулага года прызналі аварыйным і закрылі да выпраўлення недахопаў.

Аднак перш чым даць зялёнае святло для пешаходаў, спецыялісты зважаюць і на іншыя праблемы: металічны каркас хоць і трывалы, але ад карозіі не абаронены, плюс бетонавыя апоры далі расколіны ў падмурку. А гэта ўжо куды больш сур'ёзныя прычыны для закрыцця. Зрэшты, мясцовых жыхароў гэта не бянтэжыць.

Прычынай такой недасведчанасці, паводле слоў рамонтнікаў, стаў дробны вандалізм. Таблічкі, якія забараняюць праход, неаднаразова зрывалі. 

Пакуль жа дабрацца з адной часткі горада ў іншую легальна можна па аўтамабільным мосце. Зараз тут ідуць маштабныя работы па яго рэканструкцыі, таму нядзіўна, што на шляху пешаходаў могуць паўстаць розныя перашкоды. Зрэшты, гэтыя квесты падоўжацца нядоўга. Тэрміны здачы аўтамабільнага моста вызначаныя - гэта пачатак дваццатага года.

Што да пешаходнага моста, то дакладныя даты адкрыцця стануць вядомыя пасля паўторнай праверкі.  Спадзяюцца на хуткае афіцыйнае адкрыццё і самі гараджане.

А пакуль барысаўчане змушаныя перасякаць раку з парушэннямі. Праўда, санкцый у дачыненні да такіх парушальнікаў не будзе, сцвярджаюць прадстаўнікі мясцовых улад. А за ўласную бяспеку ўся адказнасць, па ўсёй бачнасці, пакуль на саміх пешаходах.