Як кітаец стаў беларускім фермерам

2 октября 2016

Зразумела, што за збліжэннем дзяржаў у выніку стаяць рэчы зямныя, але не меней важныя - гэта кантакты простых людзей, тое, на чым і павінна грунтавацца рэальная палітычная, эканамічная і гуманітарная інтэграцыя. У Кітаі сёння працуе звышдастаткова беларусаў, і тут, у нас, знайшлі сваю справу шматлікія жыхары гэтай краіны. Мы ўжо прывыклі, што яны працуюць урачамі, службоўцамі ў прыватных кампаніях, але каб займаліся фермерствам - гэта нешта новае.

І вось як раз такі выпадак. Кітаец Вэнь Сюечжэнь тры гады таму атрымаў дыплом дызайнера ў БДУ. Аднак замест моднай і высокааплатнай працы ў горадзе абраў няпростую працу ў вёсцы. Тры гады таму ў Валожынскім раёне арандаваў 120 гектараў і заняўся агародніцтвам. Пра тое, як спускаюцца з Паднябеснай на беларускую зямлю, - рэпартаж Аляксандра Хараўца.

Нашу здымачную групу Вэнь Сюечжэнь, як і належыць сапраўднаму беларускаму фермеру, сустракае на бульбяным полі, дзе завяршаецца ўборка ўраджаю.

А галоўнае, увесь ураджай экалагічны, дадае Вэнь. Ніякіх хімікатаў і ўгнаенняў. Пад бульбу фермер адвёў 4 гектары і накапаў каля 40 тон. Збіраць ураджай яму дапамагаюць жыхары вёскі. Мясцовыя прызнаюцца: кітаец хоць і патрабавальны кіраўнік, але па-суседску заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.

Да новага суседа з Паднябеснай мясцовыя ўжо прывыклі. Так склалася, што клічуць яго ў вёсцы Лон і з задавальненнем прыходзяць да яго працаваць. Усяго гэтага магло і не быць, распавядае фермер. Бацькі хацелі, каб ён стаў дызайнерам. Вэнь нават паступіў у БДУ. Аднак пасля дзяржэкзаменаў зразумеў: дызайн інтэр'ераў не для яго. Ён паклаў свой дыплом на паліцу і загарэўся ідэяй фермерства.

Сёння ў кітайскага фермера ў Беларусі 120 гектараў зямлі. З пачатковым капіталам дапамог бацька. Вэнь прызнаецца, што дзеля справы прыйшлося ўкласці нямала і сваіх назапашаных грошай. Але праца на зямлі таго варта, гаворыць, цела стамляецца, а душа адпачывае. Прачынаецца разам з пеўнямі, засынае далёка за поўнач. Напярэдадні завяршыў пасадку часнаку, гаворыць, гэта культура будучыні. Ды і ніша пакуль вольная на беларускім рынку.

Вэнь не баіцца эксперыментаваць. Шмат чытае спецыяльнай літаратуры і кансультуецца з навукоўцамі. Сёння побач з часнаком у яго градкі з вострым перцам, фасоллю, кукурузай, сояй і памідорамі чэры. Галоўная мэта фермера - ураджай з мінімальным выкарыстаннем хімікатаў.

Гатовую прадукцыю прадае ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку і на заводзе "БелДжы". У наступным годзе хоча гандляваць сваёй гароднінай і на сталічнай Камароўцы.

У перспектыве кітайскі фермер плануе сур'ёзна займацца гадоўляй авечак. Сёння ў яго атары ўсяго 15 галоў. У кожнай жывёліны сваё імя. І як прызнаўся нам аграбізнесмен, авечкі вельмі разумныя. І разумеюць свайго гаспадара на трох мовах: рускай, беларускай і кітайскай.

У планах у Вэня пасадзіць яблыневы сад і пабудаваць некалькі хатак, каб заняцца аграэкатурызмам. А яшчэ, прызнаўся нам Вэнь пад вялікім сакрэтам, збіраецца ажаніцца. Вяселле будзе абавязкова па беларускіх традыцыях. Зараз чакае, пакуль нявеста скончыць вучобу. Працягвае рамонт у доме, вечарамі п'е любімую чорную гарбату з мятай і глядзіць, як гараць бярозавыя дровы ў сапраўднай печы. А раніцай ён ізноў адправіцца ў поле.