Як рыхтуюцца ў рэгіёне да сезона размеркавання маладых спецыялістаў?

12 марта 2015

Не толькі прапанаваць работу, але і заахвоціць застацца.  Як гэта зрабіць,  дакладна ведаюць у Лагойскім раёне. Працаўладкаванню маладых спецыялістаў тут надаюць вялікую ўвагу. Тым самым вырашаюць  праблему дэфіцыту кадраў.  А яна для Мінскай вобласці  застаецца актуальнай. Толькі ў сферы  адукацыі найбольш не хапае настаўнікаў замежнай мовы, матэматыкі, фізікі і выхавацеляў. Як рыхтуюцца ў рэгіёне да сезона размеркавання маладых спецыялістаў, раскажа Наталля Кезік. 

 

На яго адказнасці 40  адзінак тэхнікі - грузавыя і легкавыя аўто. Малады інжынер-механік Сяргей Шумскі павінен штодзень заказваць запчасткі, выпісваць пуцёўкі і даваць заданне механікам. На сваім першым працоўным месцы - са жніўня. Ва ўніверсітэт адразу паступаў па мэтавым накіраванні. 

У гэты сельскагаспадарчы комплекс штогод прыходзяць маладыя спецыялісты. Дырэктар і сёння памятае, як сам больш за 20 гадоў таму трапіў сюды таксама па размеркаванні.

Сёлета ў сельскую гаспадарку працаваць прыехалі толькі шэсць чалавек. Больш за ўсё ў раёне зараз маладых медыкаў, педагогаў і работнікаў спажывецкай кааперацыі.

Летась  на працу ў Лагойскі раён прыехалі 117 маладых спецыялістаў. Першапачаткова ім прапаноўваюць месца ў інтэрнаце. З часам  маладыя спецыялісты могуць атрымаць жыллё – уласную кватэру альбо ўчастак для будаўніцтва дома.

Яўген Зуб свой участак набыў амаль адначасова са статусам “малады спецыяліст”. Пакуль паспеў толькі заліць фундамент на ўчастку. У планах за лета – пабудаваць сцены і накрыць дах. З жонкай яны дакладна вырашылі – дом будзе двухпавярховы.

Згодна са статыстыкай, 98%  маладых спецыялістаў застаюцца ў Лагойскім раёне. За два гады абавязкова атрымліваюць жыллё. Больш за тое, раённыя ўлады зразумелі і карысць мэтавага размеркавання – прывабліваць патэнцыяльных работнікаў яны пачынаюць у старэйшых класах.  Колькі сёлета маладых спецыялістаў прыедзе на працу ў раён, пакуль дакладна невядома. Пры гэтым цяжка вызначыць, спецыялістаў якога профілю тут больш за ўсё не хапае – маладыя кадры тут чакаюць ва ўсіх сферах.