Як дзіцячая забава можа стаць прэстыжнай прафесіяй

10 ноября 2015

Свае поспехі дэманструюць і мінскія канструктары-пачаткоўцы. На алімпіядзе робатаў у Катары нашы юныя інжынеры ўвайшлі ў пяцёрку лепшых, заняўшы там чацвёртае месца. Замест хатняй жывёлы ці гувернанткі распрацоўшчыкі прапаноўваюць завесці... робата. Тым больш што механічнага дапаможніка можна сабраць рукамі са звычайнага канструктара. Аб тым, як дзіцячая забава можа стаць прэстыжнай прафесіяй - даведаўся Ян Пашкевіч.

Каб лепш зразумець, як робат рухаецца, дзеці паўтараюць за ім фізічныя практыкаванні. Адзін урок у школе робататэхнікі доўжыцца дзве гадзіны, але для юнага інжынера Каці Герасімавай гэтага часу мала. Збіраць складаныя механізмы са звычайнага канструктара дзяўчына гатова ўвесь дзень.

Класы па зборцы разумных цацак адкрытыя ў сямі сталічных школах. Знаёмства з інжынернай справай дзеці пачынаюць з законаў механікі – будуюць простыя механізмы і вывучаюць іх асаблівасці. З часам канструкцыі ўскладняюцца.

Такое карыснае хобі аднойчы можа стаць і добрым заробкам. Малады інжынер Аляксандар Дубавіцкі ужо некалькі гадоў таму пазбавіўся ад прыстаўкі “аматар”. Яго вынаходніцтва – робата “альтрона” – замежныя кампаніі гатовы паставіць на канвеер ужо сёння.

Механічны дапаможнік прыбірае дом, сочыць за бяспекай – ён абсталяваны датчыкамі дыму і газу. Пры неабходнасці можа нават выклікаць ратавальнікаў.

Кожны новы робат Аляксандра ўсё больш падобны да чалавека. Напрыклад, яго нядаўняя распрацоўка “МіксБот” мае галаву, тулава і нават эмоцыі.

Вось гэтага робата-няньку інжынер сабраў усяго за адну ноч. Машына дазваляе бацькам сачыць за дзецьмі праз анлайн-камеру і займае малых праглядам мультфільмаў. Таксама робат можа рэагаваць на тое, як з ім абыходзяцца.