Як будзе ажыццяўляцца тэлетрансляцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў. Заслона закадравага жыцця

20 июня 2019
Да Еўрапейскіх гульняў каманда Белтэлерадыёкампаніі падрыхтавалася не горш за  спартсменаў. На аб'ектах ужо размясціліся перасоўныя станцыі, якія забяспечаць кругласутачнае вяшчанне на тэлеканалах і ў Сетцы. Сігнал з Мінска будуць прымаць не толькі ў Еўропе, але і на іншых кантынентах. Увогуле  каля 600 гадзін відэакантэнту  мы рыхтуем для вас!

Напрыклад, малюначак з Палаца спорту, дзе пройдуць спаборніцтвы па барацьбе,  будуць ствараць выключна беларускія спецыялісты:  рэжысёры, аператары, гукарэжысёры. Якія патрабаванні да работы на такіх буйных форумах. 

І як будуць весціся  тэлетрансляцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў – заслону  закадравага  жыцця прыадкрые  Вольга Мядзведзь.

Пакуль у Мінск прыбываюць атлеты і балельшчыкі ІІ Еўрапейскіх гульняў, свае пазіцыі на старце тэлемарафона ўжо занялі ўсе ПТС-кі  перасоўныя тэлевізійныя станцыі для правядзення пазастудыйных праграм і трансляцый. Напрыклад, дзякуючы добра вядомай усім "Александрыне",  у эфір на "Беларусь 1" выходзіць у інфаканал і наша мабільная студыя ля  стадыёна "Дынама".

Ілья Крэўчык, загадчык аддзела рэжысёраў Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі: "З 21 чысла  ўжо непасрэдна адгэтуль, са стадыёна "Дынама",  мы будзем пачынаць свой інфармацыйны дзень з нашымі вядучымі, а заканчваць  яго арыентыровачна ў 13:00, потым 15-гадзінныя і 19-гадзінныя  навіны пойдуць у нас са студыі на Макаёнка з магчымасцю ўключэнняў з абедзвюх арэн: "Мінск-Арэны" і стадыёна "Дынама", і, адпаведна, інфармацыйны канал "Панарама" ў 21:00".

Для сусветнай трансляцыі Еўрапейскіх гульняў Белтэлерадыёкампанія робіць укладанне ў 108 тон перадавых тэхналогій. Новыя HD-тэлеплатформы холдынга асіляць  пяць дысцыплін: "Рагнеду" ўжо можна ўбачыць на Кастрычніцкай плошчы, дзе будзе шасэйная велагонка;  "Яніна" чакае ля "Мінск-Арэны" ўсе віды гімнастыкі і акрабатыкі; "Еўфрасіння" рэпеціруе цырымонію адкрыцця на "Дынама", а "Паўліна" - ля Палаца спорту прадчувае адзінаборствы. 

Аляксандр Казюкевіч, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі падрыхтоўкі тэлепраграм Белтэлерадыёкампаніі, кансультант дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў: "Творчая брыгада, якая робіць трансляцыі Лігі чэмпіёнаў, чэмпіянатаў свету і Еўропы на тэлеканале "Беларусь 5","Беларусь 1", "Беларусь 2", працаваць яны будуць на Палацы спорту, дзе будуць спаборніцтвы па барацьбе, грэка-рымскай, вольнай, жаночай і самба. І тут у нас не толькі тэхнічны персанал, але і рэжысёры, асістэнты рэжысёраў, тэлеаператары, гукарэжысёры. Гэта цалкам прадакшн беларускага боку". 

Астатнія нашы машыны занятыя хатнім вяшчальнікам - іспанскай кампаніяй ISB. Гэта спецыялісты, намаганнямі якіх свет ужо не раз бачыў алімпіяды, пачынаючы  з японскага Нагана 1998, Панамерыканскія  і І Еўрапейскія гульні. На час першынства ISB арганізуе інтэрнацыянальную тэлекаманду з розных брыгад, якія спецыялізуюцца на пэўным відзе спорту. Так, славенцы дапамогуць са спаборніцтвамі на вяслярным канале, настольны тэніс і гімнастыку транслюе група з Кітая. Усяго ў Мінску будуць працаваць 12 перасоўных тэлевізійных станцый. 

Урсула Рамэра, кіраўнік вытворчасці кампаніі хатняга вяшчальніка ІІ Еўрапейскіх  гульняў, Іспанія: "Наша работа - стварыць максімальна жывы малюначак і гук з усіх спартыўных арэн у Мінску і распаўсюдзіць гэта па ўсім свеце, паказаць на ўсіх тэлеканалах, якія набылі правы для трансляцыі".

Тросавыя падвясныя, звышхуткасныя і суперзапаволенага  паўтору камеры, верталётныя і дрон-здымкі. За 600 гадзін відэакантэнту на каналах Белтэлерадыёкампаніі мы ўбачым гульні скрозь лінзы каля дзвюх  сотняў камер, устаноўка і карэкціроўка якіх ідзе нават зараз.

На асноўнай лакацыі - стадыёне "Дынама" - адкуль і пачнецца марафон ІІ  Еўрапейскіх гульняў, усталявана 27 камер. На адным камплекце перасоўнай тэлевізійнай станцыі 20 адзінак здымачнай тэхнікі і яшчэ 7 спецыялізаваных, каб лепш перадаць антураж і паказаць спаборніцтвы з тых ракурсаў, якія не бачныя з трыбун. Напрыклад, некалькі міні-аб'ектываў усталяваныя прама на лёгкаатлетычнай дарожцы, а яшчэ адзін б’юцішот - вось на той светлавой вежы, якая адкрые агульны план стадыёна разам з ІІ  Еўрапейскіх гульняў. 

Уся інфармацыя з ПТС-ак у рэжыме рэальнага часу сцякаецца ў тэлевізійнае сэрца - Міжнародны вяшчальны цэнтр у Футбольным манежы. Менавіта адгэтуль Еўрапейскія гульні разляцяцца ў эфір ад Новай Зеландыі і Аўстраліі, праз Азію і Афрыку, да Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Ужо больш за 140  краін выкупілі правы на трансляцыю, назіраць за спаборніцтвамі можна на ўсіх кантынентах.