Як змагаюцца з жукамі-караедамі ў Мінскай вобласці

21 июня 2018

Квадракоптар і ферамоны ў барацьбе з караедам. У Мінскай вобласці змагаюцца з насякомымі, якія здольны знішчыць тысячы гектараў лесу. Выкараніць папуляцыю маленькага чорнага жука дапамагае толькі санітарная ачыстка плантацыі лесу.

Толькі з пачатку гэтага года леснікі высеклі 17 тысяч гектараў. Да канца цёплага сезона лічба магчыма вырасце. Бо караед за лета выводзіць тры пакаленні жукоў. Наталля Кезік раскажа падрабязна.

Сасновыя бар'еры не вытрымалі вялікай атакі маленькага чорнага жука – караеда. Насякомыя атакавалі гэту плантацыю і імгненна знішчылі сотні дрэў.

Іван Уладзіміравіч, як лясны доктар, ведае хваробы кожнага дрэва. У Амгавіцкім лясніцтве працуе 40 гадоў. Раней тут змагаліся з каранёвай губкай - цвіллю, якая знішчае корань дрэва. Цяпер з караедам. Масава ён стаў знішчаць дрэвы ў мінулым годзе. Прыйшлося высекчы 70 гектараў лесу. Сёлета ўжо спілавалі 6, яшчэ 12 пашкоджаных гектараў на чарзе.

А гэта значыць, што распілаваць на дошкі, зрабіць мэблю альбо нават пасекчы на дровы гэты ствол ужо нельга. Таму для леснікоў зараз галоўная задача - своечасова паспець спілаваць пашкоджаныя, але жывыя дрэвы.

Ачагі пасялення караедаў выяўляюць з дапамогай квадракоптара. Шкоднік нападае на дрэвы з верхавін. Камера з вышыні птушынага палёту фіксуе пажоўклыя галінкі.

Падлічыць колькасць караедаў на лясной плантацыі дапамагаюць вось такія пасткі з ферамонамі. Караед ляціць на прыемны для яго водар і гіне вось у такіх ёмістасцях.

Сёлетняе засушлівае надвор'е паспрыяла павелічэнню папуляцыі караеда. Пры недастатковай колькасці дажджоў дрэва выдзяляе вельмі мала смалы. А менавіта яна - адзіны бар'ер на шляху караеда.

Яшчэ адзін шкоднік - пільшчык. Ён сілкуецца галінкамі, хвояй і лісцем. Весці барацьбу з ім сёлета дапамагла сама прырода. Лічынкі насякомых проста не перажылі халодных начэй у першыя летнія месяцы.

Знішчыць караеда дапамагае толькі суцэльная вырубка лесу - санітарная ачыстка. У мінулы сезон у вобласці спілавалі 24 тысячы гектараў. Сёлета лічбы будуць значна большыя. За лета караед тройчы выводзіць патомства.