Як беларусы імкнуцца размаўляць на сваёй "матчынай" і якія асаблівасці нашай гутаркі - у сюжэце да Міжнароднага дня роднай мовы

21 февраля 2022

У Беларусі сёння, як і ва ўсім свеце, адзначаюць Дзень роднай мовы. Гэтае свята заснавана ЮНЕСКА ў 1999 годзе. І ў гэтым сезоне адна з асноўных яго тэм гучыць як "Выкарыстанне тэхналогій пры шматмоўным навучанні", што вельмі нават у духу часу: пандэмія выявіла важнасць падтрымання камунікацыі і навучання. Хоць у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы - руская і беларуская - менавіта мова робіць нас "адметнымі". Пра маўленчыя асаблівасці і дыялекты, словы і літары, уласцівыя толькі нам, сюжэт Вольгі Мядзведзь.

Не "мужыцкая", а матчына мова - адна з самых мілагучных у свеце

У любiмай мове, роднай, наскай,

Ах, якiя словы: "Калi ласка!.."

Як звiняць яны сардэчнаю струною,

Праз усё жыццё iдуць са мною (Пятрусь Броўка)

У сваіх творах пісьменнікі, асабліва класікі, заўсёды ўсхвалялі беларускую мову: праз параўнанні і прыметнікі захапляліся прыгажосцю і мілагучнасцю роднага слова. Стагоддзямі і яшчэ не так даўно (бадай пакуль цалкам мы не прыйшлі да сваёй незалежнасці) "нашую матчыну" называлі "мужыцкай", размаўляць на ёй было па меншай меры непрыстойна. Цяпер тэндэнцыя іншая... 

І гэта пры тым, што мы - білінгвы, у нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. На якой размаўляць - выбар кожнага, тым самым мы ўзбагачаем абедзве. Але адметнасці нам дадае менавіта лексічная традыцыя нашых продкаў - гэта код нацыі. Дарэчы, мэту - паляпшаць узровень ведаў па беларускай - Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паставіў на пасяджэнні-нарадзе з Нацыянальнай акадэміяй навук.

Бо нам ёсць чым ганарыцца! Толькі ў літаратурных слоўніках налічваецца прыблізна каля дзвюх соцень тысяч слоў, называць дакладныя лічбы не возьмецца ні адзін навукоўца, таму што мова - з'ява жывая, яна пастаянна дадаецца адпаведна часу. Але ж на міжнародным узроўні нават гэтая прыблізная колькасць прызнаецца мовай багатай.

Наша адметнасць і ў дыялектнай шматбаковасці. Згодна з лексічным атласам беларускіх гаворак, дзе на картах прадстаўлена разнастайнасць нашай мовы ў розных рэгіёнах, усім вядомую "божую кароўку" на паўночным ўсходзе, напрыклад, называюць "кароўка-муроўка". На Палессі "хведаркай", "петрыкам", "ведрыкам" ці "зазулькай". Гродзеншчыне больш блізкая "калода", "ядзерка".

"Сварку" амаль у кожным рэгіёне мянуюць "калатнёй", "грызнёй", але ёсць выпадкі, дзе "звода" ды "вада".

А вось якасць, якую часцей за ўсё прысвойваюць беларусам, - "памяркоўныя", каля Гомеля называюць "падзеллівы", "пакладлівы". Брэстчане кажуць "добры", "дабрадушны", "міласэрны".

Вераніка Курцова, загадчыца аддзела Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі:

Гэта 2 дыялекты - гэта паўночна-ўсходні і насуперак гэтаму паўднёва-заходні. Пасярод знаходзяцца гаворкі, якія традыцыйна называюцца сярэдне-беларускія гаворкі. Тая тэрыторыя, на аснове якой сфарміраваліся асноўныя асаблівасці вымаўлення, а таксама формы, якія мы пішам сёння. 

Беларуса пазнаюць усюды і заўсёды. "ДЗ"еканне, "ДЖ"эканне, "Ц"еканне, цвёрдыя Р, Г, ШЧ выдаюць нашага чалавека ў любой кропцы свету. І канечне, нашая гордасць - літара "ў" нескладовая (дарэчы, яе ўзнікненню мы абавязаны арабскаму алфавіту). Дзякуючы націску беларуская мае меладычнае гучанне. Нездарма яе, у ліку славянскіх моў, прызнаюць адной з самых мілагучных у свеце.