Кадравая серада. Новыя кіраўнікі Мінскага і Смалявіцкага раёнаў

18 марта 2020
Мінскі раён узначаліў Уладзімір Юргевіч. Да гэтага ён працаваў на пасадзе першага намесніка старшыні Мінрайвыканкама і курыраваў пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўніцтва. Як адзначылі на прызначэнні, сталічны рэгіён адзін з самых складаных у сацыяльна-эканамічным плане, акрамя таго, самы населены раён краіны - амаль 230 тысяч чалавек. Таму сярод прыярытэтных мэт - развіваць сацыяльную сферу і паляпшаць дабрабыт людзей. У той жа час губернатар Аляксандр Турчын паставіў задачу новаму кіраўніку ўзмацняць пазіцыі ў сельскай гаспадарцы. Тут у Мінскага раёна шмат дасягненняў.

Павялічваць дасягненні ў АПК, развіваць новыя інвестыцыйныя праекты, але ў першую чаргу вырашыць самыя надзённыя пытанні людзей. А гэта ўжо задачы для новага старшыні Смалявіцкага райвыканкама. Яго кіраўнік Андрэй Ратомскі  вопытны аграрый, працаваў на адным з вядучых сельгаспрадпрыемстваў Нясвіжскага раёна. У найбліжэйшы час новыя кіраўнікі раёнаў Мінскай вобласці пазнаёмяцца з працоўнымі калектывамі.