Да юбілею Вялікай Перамогі больш за 5 тысяч асуджаных выйдуць на волю

6 мая 2020
Законапраект аб амністыі сёння адобрыў Савет Рэспублікі.

Сенатары адобрылі законапраект аб амністыі

Сенатары ўпэўнены, што  ў дакуменце знойдзены баланс  паміж прынцыпамі гуманізму і сацыяльнай справядлівасці. Гэты закон прадугледжвае  паслабленні для карупцыянераў (чаго раней не было). Калі такія асуджаныя пакрыюць урон, то ім на год скароцяць тэрмін пакарання. Права на амністыю атрымалі і непаўналетнія, асуджаныя па так званым  наркатычным артыкуле. Раней гэтай катэгорыі грамадзян тэрміны пакарання таксама  не пераглядалі. Важны кірунак закона - даць асуджаным максімум магчымасцей  для вяртання ў соцыум. Гэта абавязак мясцовых улад.

Сяргей Сівец, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "Закон аб амністыі не толькі рэгламентуе вызваленне ад крымінальнай адказнасці і пакарання, але і прадугледжвае пытанні, звязаныя з рэсацыялізацыяй, рэабілітацыяй і адаптацыяй грамадзян, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. Мясцовым уладам даручана распачаць для гэтага комплекс сацыяльна-бытавых, адукацыйных, медыцынскіх мерапрыемстваў".

Законапраект прадугледжвае канкрэтныя тэрміны выканання. Амністыю правядуць на працягу паўгода.