Сёлета галоўная святочная імша ўпершыню пройдзе ў Чырвоным касцёле. Ужо зараз там збіраюцца вернікі. У чаканні ўрачыстай службы разам з прыхаджанамі і наш карэспандэнт Наталля Тарасюк (прамое ўключэнне).
У Чырвоным касцёле зараз ідзе апошняя падрыхтоўка да вігілійнага набажэнства. Сёлета ўпершыню менавіта касцёл святых Сымона і Алены абраны для галоўнай святочнай імшы. І менавіта адсюль тэлеканал Беларусь 1 будзе весці прамую трансляцыю. Таму вернікі, якія па розных прычынах не змогуць прыйсці ў храмы, маюць магчымасць убачыць вігілію і літаральна далучыцца да яе.
Цікава, што сёння адбылася спецыяльная рэпетыцыя набажэнства. Зараз вы можаце бачыць кадры з яе. Для трансляцыі з Чырвонага касцёла і супрацоўнікам тэлебачання, і каталіцкім святарам неабходна дасканала падрыхтавацца. Узначаліць святочную імшу Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Касцёл згодна з традыцыяй ужо ўпрыгожылі ёлкамі. У алтарнай частцы - біблейская інсцэніроўка нараджэння Хрыста.
Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, архібіскуп: Не заўсёды ў катэдры мы праводзілі такія набажэнствы: у Магілёўскай катэдры, у Вілейскім касцёле. Сёлета вырашылі правесці тут. Няма ніякага канону, што павінна быць толькі ў катэдры. Набажэнства можа быць у кожным касцёле.
Амаль паўсотні спецыялістаў Белтэлерадыёкампаніі - рэжысёры, аператары, асвятляльнікі - будуць сачыць за якасцю карцінкі падчас прамой трансляцыі набажэнства. Калі разглядаць з тэхнічнага боку, то будуць задзейнічаныя сем тэлекамер і нават адна радыёкамера, а таксама спецыяльныя тэлевізійныя краны.
Святлана Цімаховіч, рэжысёр Белтэлерадыёкампаніі: Мы вельмі рады, што сёлета ажыццяўляецца трансляцыя з помніка архітэктуры. Мы пастараемся сёлета падкрэсліць усе асаблівасці архітэктурнага будаўніцтва касцёла, паказаць унутранае ўбранне.
Першыя вернікі ўжо прыйшлі да касцёла, нягледзячы на тое што да пачатку яшчэ амаль дзве гадзіны. А хтосьці (і такіх вельмі шмат) як раз у гэты час пачынае споведзь. У сваім пастарскім пасланні на свята Нараджэння Хрыстовага Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў паспяшацца ў Віфлеем менавіта ў духоўным сэнсе, адважыцца выйсці з грэшных звычак і задавальненняў, знайсці месца Хрысту ў сваім сэрцы і сваёй душы і звярнуцца да Бога.
На святочную імшу вернікі будуць спяшацца пасля традыцыйнай вячэры, якая пачынаецца з усходам першай зоркі і збірае разам усю сям'ю. Варта адзначыць, што за сталом абавязкова пакідаюць адно свабоднае месца - для нечаканага госця. Памаліўшыся і зачытаўшы адпаведны ўрывак з Евангелля, усе дзеляцца аплаткай - сімвалам яднання і ўдзячнасці. Ну, а потым ужо ў храм. Нагадаем, святочная імша тут, у Чырвоным касцёле, пачнецца у 21:45.














