Да навучальнага года рыхтуецца цэнтр творчасці дзяцей і моладзі "Світанак" у Мар'інай Горцы

28 августа 2020
Да навучальнага года рыхтуюцца цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Сваіх выхаванцаў чакае "Світанак" у Мар'інай Горцы. Дадатковую адукацыю прапануюць больш за паўсотні педагогаў - прычым на выбар 122 аб'яднанні па інтарэсах. 

Адзін з самых цікавых і карысных для дзяцей напрамкаў - дэкаратыўна-прыкладная творчасць. І ў прыватнасці - студыі беларускага народнага і шляхецкага касцюмаў. Наталля Бардзілоўская пазнаёмілася з майстрамі і вучнямі.

Дзяўчынак вучаць шыць. Карыснае ўменне заўсёды спатрэбіцца ў жыцці. Але на занятках студыі "Фантазія" даюць навыкі куды большыя, чым уцягванне ніткі ў іголку і прапрацоўка швоў. Тут займаюцца гісторыяй беларускага шляхецкага касцюма: робяць лялькі ва ўборах заможных беларускіх арыстакратак. 

Іх першая калекцыя шляхецкіх лялек была адзначана на абласной выставе. Потым студыя прыняла ўдзел у праекце "Беларуская шляхта" і атрымала дыплом. Штогод – новыя творчыя перамогі. Дзяўчынкі не заўважылі, як перайшлі ад лялечных убораў да пашыву шляхецкіх сукенак "у падлогу" і ў рэальны чалавечы рост. Праца над такім адзеннем патрабуе нямала часу: самы адказны момант – праектаванне і распрацоўка эскізу. Потым – шыццё і аздабленне. Для стварэння вопраткі старадаўніх паненак бяруць нятанны матэрыял, вытанчаныя карункі і пацеркі.

Таямніцы народнага рукадзелля дзяўчынкі і хлопычкі спасцігаюць у студыі "Мар'інка". Робяць сурвэткі і крамнінныя сумачкі, вышываюць рушнікі, лялечныя кашулі і сукенкі старадаўніх вясковых прыгажунь.

Унучка народнай майстрыхі, сама - вышывальшчыца Ларыса Гняўчынская захапіла дзятву беларускасцю праз народны касцюм. Па работах студыйцаў можна вывучаць рэгіянальныя асаблівасці строяў. Глядзіце: зрабілі дзеці! Вось Турава-Мазырская вопратка: яркія кветкі, сакавіты малюнак падкрэслівае тэрытарыяльную блізкасць да поўдня Беларусі. Для саміх жа мар'інагорцаў уласцівы гэты стрыманы і па фарбах, і па кроі ўбор.

Мар'іна Горка, Пухавіцкі і Старадарожскі раёны, частка Случчыны – для народных касцюмаў гэтых рэгіёнаў характэрныя рысы, якія прысутнічаюць у строях Цэнтральнай Беларусі. Яны праяўляюцца ў цёмна-чырвоным колеры, прысутнасці ў арнаменце ромбавай сімволікі, прамых і ломаных ліній.

Толькі за мінулы год у народнай студыі "Мар'інка" за 20 узнагарод ! На старце – новы навучальны перыяд і новыя поспехі.