Працу на самай сур'ёзнай будоўлі ў краіне пачала інтэрнацыянальная каманда студэнтаў

4 июля 2013
Сёння ў Астравецкім раёне быў дадзены афіцыйны старт працоўнаму семестру беларуска-расійскага будатрада. 60 хлопцаў і дзяўчат найбліжэйшыя некалькі месяцаў будуць уладкоўваць тэрыторыю першай беларускай АЭС. Усе падрабязнасці - у Ксеніі Рабчынскай.

Гэтыя хлопцы прыехалі ў Беларусь усяго тры дні назад. Самі сябе яны называюць няйначай як байцы, але, усміхаючыся, удакладняюць: прыехалі не біцца, а па вопыт. Кожны ў гэтым будатрадзе - баец, бо за плячамі ўжо тры гады інстытута ядзернай энергетыкі і некалькі будаўнічых пляцовак.
У дзяўчат задачы, вядома, прасцейшыя і, як кажуць, няпыльныя - студэнткі Гродзенскага ўніверсітэта фарбуюць батарэі. Гавораць, як толькі пачулі пра магчымасць прайсці практыку ў Астраўцы, не задумваючыся, згадзіліся.
І яны працуюць вось на гэтай пляцоўцы, па 8 гадзін у дзень.
Да аб'ектаў такога маштабу студэнтам з Расіі не прывыкаць: летась будатрад Энергетык працаваў на Новаваронежскай атамнай электрастанцыі. Для беларусаў гэты вопыт, вядома, першы, але прызнаюцца самі хлопцы, потым з гонарам скажуць дзецям: Я уладкоўваў тэрыторыю беларускай атамнай электрастанцыі.
Наперадзе яшчэ кладка пліткі і бетон, але і гэтыя задачы - толькі для моцнага полу.
Сёння працы першага сумеснага беларуска-расійскага будатрада быў дадзены афіцыйны старт: хлопцам урачыста ўручылі працоўныя пуцёўкі і сімвалы - стылізаваныя шпаталі. Пад гімны дзвюх дзяржаў над тэрыторыяй будучай АЭС паднялі адразу два флагі: беларускі і расійскі.
А ў гэты час у самім Астраўцы сабраліся мэры расійскіх гарадоў, дзе ўжо ёсць атамныя электрастанцыі: у зале перамоў абмяркоўваюць навуковую і прамысловую работу, арганізацыю транспарту і наогул, змену ў жыцці горада з адкрыццём АЭС.
Напрыклад, Сасновы Бор - ужо сёння пабрацім Астраўца, там будуецца дакладная копія беларускай станцыі, нават праекты ў іх аднолькавыя.
І хоць будоўля пакуль яшчэ толькі пачынаецца, хлопцы з Расіі ўжо плануюць з дыпломамі пасля заканчэння ўніверсітэта вярнуцца ў нашу краіну - працаваць на першай Беларускай АЭС.