Увесь свет смуткуе па ахвярах тэракта ў брытанскім Манчэстэры. Галоўныя славутасці планеты гэтай ноччу афарбаваліся ў колеры "Юніён Джэка". Да пасольстваў Злучанага Каралеўства нясуць кветкі, свечкі, запіскі.
У будынку брытанскай дыпмісіі ў Мінску адкрыта кніга спачуванняў. Неабыякавыя беларусы пакідаюць запісы таксама на старонках пасольства і ў сацыяльных сетках. Як адзначыла пасол Злучанага Каралеўства ў нашай краіне Фіёна Гіб, больш за ўсё яе кранула згуртаванасць жыхароў Манчэстэра ў цяжкія хвіліны. Нагадаем, ахвярамі выбуху на стадыёне Manchester Arena сталі 22 чалавекі, дзясяткі атрымалі раненні. 20 параненых - у крытычным стане.
Фіёна Гіб, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі: "Мне падаецца, жыхары Манчэстэра адрэагавалі на сітуацыю з вялікай годнасцю і адвагай. Учора, калі я глядзела тэлевізар, я бачыла шмат гісторый аб чалавечай узаемадапамозе.
Што могуць зрабіць жыхары Беларусі, каб выказаць сваю падтрымку? У нас ёсць кніга спачуванняў. Электронная кніга спачуванняў, апроч звычайнай, якая знаходзіцца тут, у пасольстве. Людзі, якія захочуць пакінуць запіс у гэтай кнізе, могуць знайсці яе на старонцы пасольства ў Facebook і таксама ў нашым Twitter-акаўнце".
Узровень тэрарыстычнай пагрозы на Туманным Альбіёне павышаны да максімальнага - крытычнага. Да гарантавання бяспекі на вуліцах гарадоў прыцягнутыя вайскоўцы. Брытанская паліцыя працягвае расследаванне тэракта. На поўдні Манчэстэра затрыманыя тры чалавекі, якіх падазраюць у дачыненні да арганізацыі атакі. Сярод іх - брат меркаванага смяротніка Салмана Абедзі. Раней МУС Каралеўства заявіла, што Абедзі - выхадзец Манчэстэра - быў вядомы разведслужбам і дзейнічаў не адзін. Таксама следства высветліла, што радыкал ездзіў Лівію. Зараз праваахоўнікі спрабуюць усталяваць, ці мог ён праходзіць там падрыхтоўку ў лагеры баевікоў. Нагадаем, адказнасць за выбух на Manchester Arena ўзяла на сябе групоўка "Ісламская дзяржава".













