Да парада ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі рыхтуюцца сувораўцы, ліцэісты МНС і кадэты

2 июля 2019

Да ўрачыстай падзеі гатовы разлікі і самых юных удзельнікаў парада. За спінай  каля 300 гадзін трэніровак з прапрацоўкай кожнага руху. Як праходзілі трэніроўкі сувораўцаў і ліцэістаў МНС,  убачыла Святлана Чарнова.

Сінхронна, выразна і стрымана.  Вось ён - вынік адказнай падрыхтоўкі да ўрачыстай  падзеі. 

Дождж, вецер і нават +30 на тэрмометры для сувораўцаў - не перашкода, а хутчэй "трэнажор" для ўмацавання сілы духу і цягавітасці. 

Дзмітрый Акула, навучэнец 5-га курса Мінскага сувораўскага ваеннага  вучылішча: "Гэта для мяне вялікі гонар прадстаўляць  Мінскае сувораўскае вучылішча ў дадзеным мерапрыемстве ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі. Таксама вялікі гонар, што ў мяне мае прадзеды ваявалі. Абсалютна ўсе прадзеды і прабабулі, і я ганаруся  тым, што маю такую магчымасць".

Таму і перажываць  часу няма, хоць бясспрэчна, адказнасці ў гэтых хлопцаў больш - яны адкрываюць  парад. І,  нягледзячы на тое, што сярэдні ўзрост  каробкі  16 гадоў, па выпраўцы  барабаншчыкі не саступаюць прафесійным ваенным! 

Юрый Занько, камандзір 5-й роты Мінскага сувораўскага ваеннага  вучылішча: "Складанасці каробкі  барабаншчыкаў - гэта інтэрвал, дыстанцыя. Калі вайскоўцы ідуць, яны могуць плячамі прыціскацца, то ў нас трэба вельмі добра вачамі працаваць, утрымліваць менавіта гэтую  адлегласць".

А менавіта адлегласць выцягнутай рукі. І пры гэтым захоўваць адзіную хуткасць параднага разліку. 

Паводле статуту,  калона вайскоўцаў ідзе з хуткасцю 110-120 крокаў за хвіліну. Аптымальная лічба, для таго, каб трымаць рытм і як мага вышэй паднімаць нагу - 112. Гэта амаль 2 крокі за секунду. Дарэчы, менавіта сувораўцы ўдарамі палачак задаюць тэмп усёй пешай калоне  парада.

Дарэчы, падрыхтоўка хлопцаў не абмяжоўваецца трэніроўкай на пляцы. Увага і знешняму выгляду. Гэта таксама патрабуе часу і стараннасці. Напрыклад, каб цалкам падрыхтаваць парадную форму,  яе атрымліваюць новую - трэба не менш за  4 гадзіны. 

Кірыл Белянчук, навучэнец 3-га курса Мінскага сувораўскага ваеннага  вучылішча: "Каб яе ідэальна падрыхтаваць, трэба прышыць два шэўроны: "Мінскае сувораўскае" і "Беларусі", два пагоны прышыць і аксельбант. Таксама як і мой бацька, жадалася ўдзельнічаць у парадзе. Ён мне распавядаў, мне вельмі спадабалася і самому жадалася там паўдзельнічаць".

На пляцы ліцэя пры ўніверсітэце грамадзянскай абароны МНС пад гукі марша сінхроннасць адточваюць  25 навучэнцаў. Лепшыя з усіх рэгіёнаў краіны яны пойдуць за барабаншчыкамі ў зборнай каробцы разам з кадэтамі і ліцэістамі МУС. 

Максім Баранаў, навучэнец 4-га курса спецыялізаванага ліцэя пры УГА МНС Беларусі г. Гомель: "З улікам таго, што ўдзельнічаем  першы раз. Па-першае, знаёмімся з удзельнікамі. Па-другое, знаёмімся з навучэнцамі іншых устаноў кадэцкіх. Гэта вельмі ўражліва,  гэта вельмі высокі ўзровень".

Сяргей Захараў, начальнік 4-га курса спецыялізаванага ліцэя пры УГА МНС Беларусі: "У пакоі перад люстэркам адпрацоўваем уздым рукі, уздым галавы, што таксама неабходна, каб у страі было менш заўваг".

Імкнуцца трымаць спіну прама, цягнуць насок і паднімаць нагу як мага вышэй, а па статуце гэта не меней за 15 сантыметраў над зямлёй. І на пытанне, як адчуць гэтую, неабходную вышыню, адказваюць з усмешкай: 

Аляксей Пікус, навучэнец 4-га курса спецыялізаванага ліцэя пры УГА МНС Беларусі г. Гомель: "Калі пачынае балець нага, тады тое, што трэба".

Такім чынам, традыцыйна адкрывае парад разлік сувораўцаў: 64 чалавекі ў асноўным складзе і яшчэ дзесяць запасных. Другімі рушыць услед зборная каробкі - восем шэрагаў па дзесяць удзельнікаў. У яе складзе 25 ліцэістаў МНС, 30 навучэнцаў ліцэя МУС і 50 кадэтаў. У гэтым ліку і 25 запасных. Так або інакш, кожны з гэтых юнакоў з натхненнем чакае моманту, каб з гонарам прадставіць на парадзе сваю навучальную ўстанову.