Да новага тэлевізійнага сезона гатовыя

18 сентября 2013

Самы культурны канал - Беларусь 3 - з 20 верасня пачынае вяшчанне ў абноўленым выглядзе. Так, з героямі Калыханкі дзеці будуць сустракацца ў два разы часцей. Тэму для новай культурнай перадачы Ди@блог тэлегледачы змогуць выбраць самі, а таксама абмеркаваць усе звязаныя з ёй пытанні ў інтэрнэт-блогах вядучых. Свае крэатыўныя праекты для культурнага канала прыдумала і каманда Агенцтва тэленавінаў.



Наш карэспандэнт Дзіяна Равякова аб прэм'ерах восені.


Як мінімум увесь новы сезон галоўны культурны аглядальнік Агенцтва тэленавінаў Міхаіл Равуцкі будзе выходзіць у эфір без гальштука. Новы імідж - і новыя невядомыя факты пра, здавалася б, даўно вядомых куміраў, карціны і творы. З той жа ідэяй і ў тым жа складзе праект АТН Пра мастацтва пераязджае на Беларусь 3.


Міхаіл Равуцкі, аўтар і вядучы праекта Пра мастацтва: Так проста падысці і запытацца, што ж усё-такі хацеў сказаць мастак, не баючыся паказацца, можа, дзесьці неадукаваным, атрымліваецца не ва ўсіх. Мы ж гэта можам. Задаём гэтыя пытанні смела і тым самым дапамагаем развівацца адно аднаму.



Ніна Мажэйка, вядучая праекта Пра мастацтва: Праект Пра мастацтва разлічаны на таго, кто як раз не ходзіць кожны ўік-энд у тэатр ці на канцэрт. Пра мастацтва - гэта акно ў свет мастацва. У новым сезоне праект даступны ўжо на Беларусь 3.



Падтрымае культурную тэму яшчэ адзін новы праект канала, створаны спецыяльна для гэтага сезона. Тры разы на дзень пра мінулае, сённяшні дзень і будучыню распавядзе культурна-асветніцкі дайджэст усіх мерапрыемстваў Беларусі або Калейдаскоп.


Спецыяльна для трэцяй кнопкі Агенцтва тэленавінаў запускае яшчэ адзін гучны арыгінальны праект. Назва гаворыць сама за сябе - Сіла веры. Праграма пра цудоўныя, а часам нават містычныя з'явы, якія мы назіраем у жыцці або наадварот выпускаем з-пад увагі.


Не выключана, што ў хуткім часе ў пошуку тэмаў для новых праграм культурнаму каналу галоўнага медыяхолдынга дапаможа самае культурнае ведамства краіны. Акурат напярэдадні новага сезона Белтэлерадыёкампанія і Мінкульт афіцыйна дамовіліся аб супрацоўніцтве.


Барыс Святлоў, Міністр культуры Беларусі: Паглядзеў на лiчбу тры i для сябе зразумеў, што гэта нездарма, гэта невыпадкова, гэта вельмi сiмвалiчна, таму што канал трэцi, канал культуры павiнен грунтавацца на трох вялiкiх агульначалавечых каштоўнасцях. Гэта дабро, гэта icцiна i прыгажосць.



І, вядома, давер. На ім, уласна, і заснаваны яшчэ адзін новы праект - Ди@блог. Ідэя - шчырая гутарка аўтараў з гледачом. Чатыры тэмы - мова, літаратура, вечнае і прыгожае. Пагаварыць можна і ў Інтэрнэце: у кожнага вядучага там свой блог.


Сяргей Макарэй, намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала Беларусь 3: Глядач мае магчымасць задаваць пытанні, пакідаць разважанні ў блогу і тым самым ствараць праграму. На гэтай аснове аўтары робяць праграму, запрашаюць адпаведных гасцей, каб адказаць на тыя ці іншыя пытанні гледачоў.



У новым фармаце з 20 верасня ў эфіры і добра знаёмыя праграмы. Самы прыемны сюрпрыз каманда Беларусь 3 падрыхтавала для маленькіх гледачоў. Любімыя героі Калыханкі - Топа, Яна і Сплюшык - з гэтага часу будуць працаваць у дзве змены. Зараз яшчэ і раніцай у перадачы Дабраранак. На дапамогу ў стварэнні выдатнага настрою на ўвесь дзень прыйдуць фея Заранка і яе верная сяброўка Камп'юша.


Сяргей Макарэй, намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала Беларусь-3: Дабраранак - гэта праграма, якая будзіць дзяцей, заражае іх на цэлы дзень. Для дзяцей дзень доўжыцца вельмі працяглы час.


А для таго каб не прапусціць усё самае цікавае, калі пад рукой не акажацца тэлепраграмы, уключыце праект Культасвета. Гэта свайго роду навігатар па тэлепрасторах новага сезона на канале Беларусь 3.