Да Міжнароднага дня спорту далучылася Мінская вобласць

7 апреля 2017

Галоўнай пляцоўкай свята здароўя і фізічнай культуры стала Плешчаніцкая абласная школа-вучылішча алімпійскага рэзерву. Там на працягу амаль 30 гадоў рыхтуюць чэмпіёнаў у лёгкай атлетыцы, біятлоне, лыжных гонках, веславанні і барацьбе. Дзень спорту падтрымалі знакамітыя атлеты, трэнеры нацыянальных зборных - майстар-класы і сустрэчы яны правялі з выхаванцамі вучылішча. А юныя спартсмены ў сваю чаргу падрыхтавалі паказальныя спартыўныя выступленні.

Міжнародны дзень спорту на карысць развіцця і міру заснавала Генеральная Асамблея ААН у 2013 годзе. Беларусь падтрымала ініцыятыву правядзення свята адной з першых краін у свеце. Галоўная мэта Дня спорту - папулярызацыя здаровага ладу жыцця і далучэнне моладзі да спорту.