Да маштабных пераўтварэнняў рыхтуюцца сталічныя гарады-спадарожнікі

17 октября 2015

Дарэчы, адзін з ключавых тэзісаў генплана Мінска - паэтапнае скарачэнне будаўніцтва жылля ў рамках кальцавой дарогі. Лічба гэтага года - 740 тысяч квадратных метраў - на парадак менш, чым летась. І таму да маштабных пераўтварэнняў рыхтуюцца сталічныя гарады-спадарожнікі: з часам туды змогуць пераехаць дзесяткі тысяч мінчан. Ужо сёння новабудоўлі ўзводзяць у Дзяржынску, Фаніпалі, Лагойску. Адначасова развіваецца і інфраструктура. Электрычкі новага пакалення ўжо злучылі Мінск з Заслаўем і Рудзенскам. Хутка да іх далучацца і Смалявічы. У тым, што фармат «гарадскіх ліній» - гэта сінонім камфорту на высокай хуткасці, пераканаўся і мой калега Аляксей Кандраценка.

Сапраўды, 40 хвілін - і шматлюдны сталічны вакзал змяняюць ўтульныя пейзажы Смалявічаў. Зрэшты, камфорт і ўтульнасць пачынаюцца яшчэ ў дарозе. Менавіта за гэта такія электрацягнікі паспелі палюбіць тысячы жыхароў нашай краіны.

Чатыры гады таму першыя электрычкі гарадскіх ліній выйшлі па маршруце Мінск - Заслаўе. У 2013-м яны звязалі сталіцу з Рудзенскам. І вось наступны крок – Смалявічы. Перавагі сучаснага транспарту ацанілі амаль 9 мільёнаў пасажыраў.

На паўночна-ўсходнім напрамку за апошні час абнавілі 25 кіламетраў чыгуначнага палатна, адрамантавалі чатыры пераезды, новы від набываюць адразу некалькі станцый.

Свежыя фасады і інтэр'еры будынка станцыі «Смалявічы» - прымета агульнага развіцця горада-спадарожніка. Дарэчы, менавіта адсюль пасажыры Магілёўскага і Віцебскага напрамкаў могуць трапіць у Нацыянальны аэрапорт, абыходзячы сталіцу. У іх распараджэнні - камфортны дызель-цягнік і развітая інфраструктура.

Вось такі тэрмінал дазваляе набываць білет самастойна. Усё, што для гэтага трэба - выбраць маршрут і аплаціць квіток банкаўскай картай.

Праз тры тыдні ў жыхароў Мінскай вобласці, ды і ўсёй краіны, з'явяцца новыя транспартныя магчымасці. Электрацягнікі гарадскіх ліній звяжуць Мінск і Смалявічы акурат да 7 лістапада. Зрэшты, на карце развіцця Беларускай чыгункі гэта толькі «транзітны» этап. Далей па курсе у гарадскіх ліній – Фаніпаль і Дзяржынск.