Да марафону памяці далучыўся Стаўбцоўскі раён

6 мая 2020
З нагоды святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі ў Мінскай вобласці працягваюцца ўрачыстыя ўскладанні кветак да мемарыялаў. Да марафону памяці сёння далучыўся і Стаўбцоўскі раён - вёска Шпакі. Да брацкай магілы, дзе пахаваны сем’і з прозвішчам Сінякевіч, прыйшлі родныя загінуўшых. Тут спачываюць 15 чалавек: самаму малодшаму быў толькі адзін год. Іх расстралялі за сувязь з партызанамі.

У Браніславы Медычэнкі (сама жанчына з Дзяржынска) тут пахаваны дзядзька. Трагічную гісторыю ў свой час ёй расказалі бацька з дзедам.

На шчасце, 8 верасня 1942 падчас бязлітаснай расправы немцаў,  удалося выратавацца 12-гадовай Франі Сінякевіч. Наша здымачная група сустрэлася з яе пляменніцай. Падрабязнасці гэтай гісторыі раскажам у праграме "Навіны. Цэнтральны рэгіён".