Да канца года ў Мінску з'явяцца тры плоскасныя аўтастаянкі

9 октября 2018

У мікрараёнах са шчыльнай забудовай гэта вырашэнне вострай праблемы недахопу парковачных месцаў. Такія пляцоўкі звычайна размяшчаюцца на пустых тэрыторыях ля жылых дамоў за сродкі саміх жыхароў. У Мінску паступова пашыраецца і колькасць платных парковак. Падрабязна - Надзея Сербіненка.

Цяпер вось так, лёгка і без лішніх хваляванняў кожны дольшчык гэтай плоскаснай аўтастаянкі займае сваё парковачнае месца. Жыхары некалькіх дамоў па вуліцах Ракасоўскага і Пляханава за ўласныя сродкі пабудавалі сабе паркоўку. І сталі шмат у чым першапраходцамі.

Падрыхтаваць праект, абсталяваць пляцоўку, добраўпарадкаваць тэрыторыю навокал - на ўсё спатрэбілася каля трох гадоў. І ўжо два месяцы паркоўка працуе.

Калі ў дварах праблему недахопу машына-месцаў жыхары вырашаюць такім чынам - абсталёўваюць уласныя паркоўкі, то на гарадскіх вуліцах з'яўляецца ўсё больш платных стаянак.

У Мінску з 1 кастрычніка з'явіліся чатыры новыя зоны - платныя паркоўкі. З іх тры - каля вакзала. Тарыф не змяніўся - 1 рубель за 1 гадзіну.

Найбольш папулярны спосаб аплаты - праз СМС. Але нядаўна з'явіўся яшчэ адзін варыянт разліку.

Вопыт пашырэння зоны платных парковак Мінск пераймае ў такіх гарадоў, як Масква, Варшава, Санкт-Пецярбург, дзе паркавацца ўздоўж вуліц альбо ўвогуле забаронена, альбо толькі платна.

Дзе пакідаць сваё аўто, кожны вырашае сам. Але там, дзе адна машына перашкаджае іншай, пачынаецца канфлікт. Яго можна пазбегнуць, калі прытрымлівацца ўстаноўленых простых правіл паркоўкі і стаянкі.