Да канца 2018 года ўсе дзяржорганы краіны цалкам пяройдуць на beCloud

2 марта 2017

Да канца 2018 года ўсе дзяржорганы краіны, гаворка ідзе пра больш як 60 арганізацый, цалкам пяройдуць на beCloud. Сёння найбуйнейшы дата-цэнтр прадэманстраваў ключавыя праекты ў галіне воблачных тэхналогій - Рэспубліканскі цэнтр апрацоўкі звестак і Рэспубліканскую воблачную платформу.

Апошняя размяшчаецца на базе дата-цэнтра і не мае аналагаў на беларускім рынку. Нагадаем, што воблачныя платформы ствараюць для захоўвання і рэзервавання звестак, давання зручнага сеткавага доступу да праграмных прадуктаў, дадаткаў, сэрвісаў, сістэм захоўвання. Нацыянальная платформа дазволіць дзяржаве і бізнесу істотна знізіць выдаткі на ІТ.

Сяргей Паблагуеў, гендырэктар СТАА "Беларускія воблачныя тэхналогіі":

"Прафесійныя сэрвісы, звязаныя з воблачнымі паслугамі, звязаныя з паслугамі цэнтра апрацоўкі звестак, аказвае кампанія, для якой гэта бізнес, якая вядзе аператарскую дзейнасць. І ўнутры арганізацый і прадпрыемстваў няма неабходнасці ні ўтрымліваць штат, альбо ўтрымліваць яго мінімальную колькасць, ні турбавацца аб узаемадзеянні з дзясяткамі арганізацый, з кім давялося б заключаць дамовы, калі будаваць гэта ў сябе ў асобных будынках, на асобных плошчах".

Дата-цэнтр спраектаваны і пабудаваны ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і мае высокую ступень надзейнасці і бяспекі сістэм.