Да дысцыпліны, парадку і адказнасці тут рыхтуюць з маленства

23 февраля 2016

Амаль 5 гадоў запар мінскае гарадское вучылішча №2 выхоўвае будучых абаронцаў Айчыны. Амаль палова выпускнікоў працягвае ваенную адукацыю, а пасля ўжо афіцэры трапляюць на службу ва ўзброеныя сілы краіны. Нават у святочны дзень кадэты жывуць па строгім распарадку і бездакорна выконваюць статут.

Адзін дзень з кадэтамі правяла Наталля Кузьміцкая. Пад’ём у 7 раніцы, зарадка, снеданне, а пасля заняткі. Дзень абаронца Айчыны для выхаванцаў кадэцкага вучылішча – яшчэ адна нагода быць пры поўным парадзе.

На традыцыйным ранішнім пастраенні выгляд кадэтаў, як абавязковае дамашняе заданне, павінен быць на "выдатна". У гонар свята пасля заняткаў звычайныя гімнасцёркі яны зменяць на парадны мундзір.

Для іншых кадэтаў Антон Манюта не толькі надзейны сябар, але і прыклад для пераймання. За выдатныя адзнакі і поспехі ў кадэцкім жыцці ён абраны камандзірам узвода. Юнак - прадаўжальнік сямейных традыцый, амаль усе мужчыны ў сям'і - ваенныя.

На занятках настаўнікам ніколі не прыходзіцца павышаць голас. Дысцыпліна, уважлівасць і бездакорныя паводзіны – першае, чаму вучаць навабранцаў.

Навучанне вядзецца па агульнаадукацыйнай праграме. Разам з абавязковымі матэматыкай, хіміяй і геаграфіяй кадэты спасцігаюць азы ваеннай справы. Асаблівая ўвага - фізічнаму развіццю. Свае спартыўныя дасягненні кадэты дэманструюць на гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Выпускнікі кадэцкага вучылішча паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне і паступаюць у ВНУ. Большасць працягваюць адукацыю па ваенным профілі, пераважна ў інстытуце пагранічнай службы, каб потым заступіць на варту дзяржаўнай граніцы.