Да чаго рыхтавацца нашым аўтааматарам

28 октября 2013

Каб ездзіць, трэба спачатку аўтамабіль купіць. І тут часта ўзнікае пытанне: зэканоміць і рызыкнуць, або пераплаціць і быць спакойным? Сёння сур'ёзную канкурэнцыю так званым перакупшчыкам складаюць афіцыйныя аўтадылеры. Сёлета ў салонах было набыта столькі ж аўтамабіляў, колькі і ў 2008 - у пікавы перыяд беларускага аўтабізнесу. Аднак ужо зусім хутка гэта сітуацыя можа змяніцца - эксперты прадказваюць магчымыя змены беларускага заканадаўства, якія могуць падняць цэны на машыны ад 5 да 10 працэнтаў. Да чаго рыхтавацца нашым аўтааматарам, і дзе яна - залатая сярэдзіна - паміж цаной і якасцю?
Адказы шукаў Юрый Шаўчук.


Перакупшчык Дзмітрый ужо не першы год у аўтабізнесе. Купіць за мяжой, прыгнаць у Беларусь, выставіць на продаж - раней гэтая схема прыносіла прыбытак, ды і не малую, гаворыць мужчына. Аднак апошнім часам прыбытак упаў у разы. Свой чарговы аўтамабіль Дзмітрый прадае ўжо некалькі месяцаў. Такі нізкі попыт прадавец звязвае з высокай канкурэнцыяй з боку яго калег. Яшчэ адзін немалаважны фактар, які ўплывае на попыт, - недавер да перакупшчыкаў з боку пакупнікоў.




З тых часоў, як беларускі аўтабізнес перажыў бум, прайшло ўжо больш як 2 гады. З першага ліпеня 2011 года з-за павелічэння мыт на растаможку ганяць машыны з-за межы стала зусім невыгадна. Аднак час ідзе, аўто старэе, а жаданне прыкупіць навейшую машыну толькі расце. Менавіта з гэтым і звязана павелічэнне росту продажаў у афіцыйных дылераў. Сёлета аўтамабіляў у салонах было набыта столькі ж, колькі і ў 2008 - пік попыту на новыя машыны ў Беларусі.



Сяргей Міхневіч, старшыня праўлення аўтамабільнай асацыяцыі Беларусі:


Дзейнічаюць мытныя пошліны і скарочаны ўвоз патрыманай тэхнікі ў краіне, і попыт на аўто невялікага тэрміна эксплуатацыі ад 10 да 20 тысяч долараў вялікі.



Прагназаваць, што чакае айчынны аўтарынак ужо ў наступным годзе, спецыялісты пакуль не бяруцца. Не выключана, што будучыя папраўкі ў заканадаўстве чарговы раз уздымуць цэны на машыны. Звязана гэта з магчымым павелічэннем ПДВ і ўвядзеннем утылізацыйнага збору. У будучыні, калі гэта ўсё ж здарыцца, то цана на аўтамабілі ў Беларусі можа падняцца на 5, а тое і на 10%.



Калі ж у афіцыйнага дылера дорага, а на рынку ненадзейна. У пакупніка ёсць яшчэ адзін варыянт - набыць аўтамабіль у аўтахаусе. Нягледзячы на тое, што цана тут будзе крыху вышэйшая, чым на рынку, верагоднасць таго, што вы купіце машыну з даволі ткі сумнеўным мінулым зводзіцца практычна да нуля.



Юрый Паддубскі, намеснік дырэктара аўтахауса:


Мы заўсёды гарантуем, што набыты ў нашым аўтасалоне аўтамабіль мае чыстую гісторыю і ніякіх праблем з пастаноўкай на ўлік не будзе.



Намеснік дырэктара аднаго з аўтахаусаў сталіцы Юрый расказвае, што апошнім часам іх асноўнымі кліентамі сталі фірмы. Купляюць, як правіла, грузавыя мікрааўтобусы. Што ж датычыцца патрыманых легкавушак, то іх сярэдняя цана пакуль вагаецца ад 10 да 20 тысяч. Дарэчы, мытнікі падлічылі, што сёлета беларускую мяжу ў большасці выпадкаў перасякаюць малалітражкі да пяці гадоў.



Сёння штотыдзень на самую вялікую пляцоўку па продажы аўтамабіляў у краіне прыязджае каля 2 тысяч машын, прадаецца не больш за сотню. У які бок схіляцца шалі, стане вядома ўжо ў новым годзе. Менавіта тады стане больш зразумелай сітуацыя са зменамі ў заканадаўстве.