Да дабрачыннага марафона "Нашы дзеці" далучыцца можа кожны

21 декабря 2017

У перадсвяточныя дні здзейсніць навагодні цуд можа кожны, хто далучыцца да дабрачыннага марафона "Нашы дзеці". Канцэрты, прадстаўленні, і самае галоўнае - цёплыя віншаванні для маленькіх беларусаў гучаць літаральна без перапынку. Асаблівая ўвага тым дзецям, каму клопат неабыякавых людзей патрэбен удвайне. Хто прыняў эстафету дабра сёння, ведае Аляксандра Кавеліч.

У гэтым лісце Дзеду Марозу ўсяго два пункты: прыстаўка і доўгачаканая сустрэча з бацькамі. Ужо паўтара года Надзя Крываносава жыве ў дзіцячым гарадку і, нягледзячы ні на што, верыць у цуд. Бо адно з жаданняў ужо спраўдзілася. Сёння выхаванцам дзіцячага дома падарылі шмат новай тэхнікі, а для ўтульнасці - яшчэ і новую мэблю. І ўсё ж у любімую пару года, прызнаецца Надзя, часу на прыстаўку не будзе.

Ажыццявілася і галоўная мара маленькай Сафіі. Дзякуючы сучаснаму імпланту, дзяўчынка стала чуць. Зараз у навагоднім лісце, здавалася б, зусім простыя просьбы. Але другакласніца ўпэўненая, галоўны чараўнік зімы іх таксама абавязкова пачуе.

А яшчэ - канструктар, кнігі і смарт-тэхніка. Такі вішліст склалі вучні 14-й сталічнай школы для дзяцей з парушэннем слыху.

Шматлікія мары спраўдзіліся ўжо сёння, падчас вялікага навагодняга свята. Прычым школьнікі не проста атрымалі падарункі і віншаванні, падзяліліся з гасцямі сваёй творчасцю. І хоць пачуць кожную ноту гэтым акцёрам складана, музычная прэм'ера "Руслан і Людміла" прайшла з поспехам.

Прынялі эстафету дабра і ў Ждановіцкай школе-інтэрнат. Тут таксама вучацца дзеці з парушэннем слыху. Прадстаўнікі Беларускага саюза жанчын на чале з Мар'янай Шчоткінай падарылі школьнікам салодкія ласункі, кнігі і мэблю для гульнявога пакоя.

Пачастункі, настольныя гульні, а таксама спартыўны інвентар да Новага года атрымалі выхаванцы і Радашковіцкай школы-інтэрнат.

А ў Шклоўскім раёне дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" набыла нават касмічны маштаб. Лётчыка-касманаўта Алега Навіцкага прымалі выхаванцы дома сямейнага тыпу Святланы і Аляксандра Канаваленка. У вялікай сям'і - пяцёра прыёмных дзяцей. У пачатку года яны разам пабывалі ў Каралёве, дзе ім атрымалася пагутарыць з касманаўтам, калі ён знаходзіўся на арбіце. Зараз сустрэча на зямлі.

Алег Навіцкі, касманаўт:

"Тое, што робяць гэтыя людзі, як бацькі, для дзяцей дарагога каштуе. І вельмі прыемна, што і кіраўніцтва вобласці, раёна не забываюць аб дзецях і ўвесь час ім дапамагаюць".

Марафон дабра, менавіта так называюць акцыю "Нашы дзеці". Канцэрты, спектаклі, прадстаўленні… Дабрачынную эстафету ў гэтыя дні падхопліваюць літаральна ў кожным кутку краіны.

Выканаць запаветныя жаданні, пра якія малыя так старанна пішуць у навагодніх лістах, а такіх пасланняў больш за тысячу, дапамагаюць неабыякавыя людзі. І з кожным годам тых, хто гатовы дзяліцца сваім клопатам, становіцца больш, а значыць, больш і шчырых усмешак на тварах "Нашых дзяцей".