Да 75-й гадавіны стварэння эскадрыллі "Нармандыя-Нёман" у Руане прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы

22 ноября 2017

Урачыстыя мерапрыемствы да 75-й гадавіны стварэння легендарнай эскадрыллі "Нармандыя-Нёман" прайшлі ў французскім Руане. Удзел прыняў і пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, а таксама прадстаўнікі дыпмісій Расіі і Сербіі, кіраўніцтва рэгіёна Нармандыя і горада Руан, салдаты, школьнікі і прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў.

Павел Латушка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі: «Нармандыя-Нёман - гэта два словы, якія напоўнены сімвалізмам. Нармандыя - французскі рэгіён, які найбольш пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны ў Францыі. Нёман - гэта беларуская рака. Беларусы, якія аддалі кожнага трэцяга дзеля сумеснай перамогі. Для нас вельмі важна, што ў Францыі і ў Беларусі памятаюць пра гераізм лётчыкаў эскадрыльі «Нармандыя-Нёман».

Бруно Брэсон, генерал: "Для нас усе ўдзельнікі эскадрыллі "Нармандыя-Нёман" - героі. І мы свята ўшаноўваем памяць аб іх подзвігу і хочам, каб нашы дзеці таксама памяталі пра гэта. Гэта выдатны прыклад баявога братэрства нашых народаў".

Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да помніка "Нармандыя-Нёман". Былі паднятыя флагі Беларусі, Францыі і Расіі. У мэрыі Руана працуе экспазіцыя, прысвечаная гісторыі эскадрыллі.