Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ў краіне праходзіць акцыя "Беларусь памятае"

1 июля 2019

Беларусь рыхтуецца адзначыць галоўнае дзяржаўнае свята - Дзень Незалежнасці. 75-ую гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сустрэнем маштабна. Святочныя гулянні, канцэрты і, вядома, кульмінацыя – ваенны  парад. У незлічонай колькасці мерапрыемстваў - акцыя "Беларусь памятае"  займае асаблівае месца. Бо  калі ведаеш гісторыю і сваіх герояў, якім мы абавязаныя  жыццём  і свабодай,  інакш успрымаеш і падзеі  ў нашым мірным жыцці. Шлях да незалежнасці  быў няпростым і доўгім: але ён загартаваў характар беларусаў. І праз 75 гадоў  мы шануем магчымасць жыць і працаваць у свабоднай  краіне. Імёны герояў - не забытыя. Моладзь з падзякай нясе кветкі да манументаў і помнікаў ва ўсіх кутках краіны. Акцыя "Беларусь памятае" аб'яднала тысячы людзей. Да яе далучыліся і нашы карэспандэнты. 

Сёння ў горадзе, з якога пачалася вайна,   адусюль нясуць кветкі да магіл абаронцаў. Напярэдадні вялікага свята ў Брэсце ўспамінаюць першых ахвяр Вялікай Айчыннай. Моладзь і ветэраны, спартсмены і вайскоўцы - тут кожны ведае і паважае сваіх герояў. 

Расказвае  Марыя Тройніч.

Яго імем названыя вуліцы Беларусі і Расіі: маёр Пётр Гаўрылаў - легенда абароны Брэсцкай крэпасці, сімвал нясхільнага духу. 

Сцены цытадэлі ён абараняў да апошняга, ведаючы, што ў жывых засталіся адзінкі байцоў. Цалкам змардаваны, ён быў выяўлены гітлераўцамі, але знайшоў у сабе сілы прыняць бой. Ворагі былі здзіўленыя мужнасцю маёра. І з павагі да яго смеласці  пакінулі ў жывых. Нямецкія афіцэры нават прыязджалі ў шпіталь, каб паглядзець на афіцэра, якога не зламалі ні баі, ні раны. Пасля вайны маёр Гаўрыл з'ехаў жыць у Краснадар.

Але завяшчаў: пахаваць на брэсцкай зямлі, ля сцен Брэсцкай крэпасці. 

Сёння на гарнізонных могілках усклалі кветкі тыя, для каго абарона Радзімы - святы абавязак. Уладзіслаў Васілеўскі – салдат тэрміновай службы  Брэсцкай памежнай групы. У гады вайны яго прадзед быў ваенным  лётчыкам.

А ў гарадскі парк прыйшлі ветэраны і юныя спартсмены. Яны прынеслі кветкі да брацкай  магілы, дзе пахаваныя байцы Чырвонай арміі і партызаны. 

У Гомелі мітынг прайшоў ля брацкіх  магіл на Ляшчынскіх могілках. Тут пахаваныя загінуўшыя ў баях савецкія салдаты, а таксама больш як 800 мірных жыхароў, расстраляных падчас акупацыі горада з 1941 па 1943-ці.

Памяць аб людзях, якія загінулі ў  гэтай страшнай вайне, ушанавалі хвілінай маўчання. Да падножжа манумента ляглі жывыя кветкі. 

Памятныя цырымоніі будуць праходзіць у рэгіёнах і заўтра. А 3 ліпеня на плошчу Цырыманіялаў Брэсцкай крэпасці вынесуць легендарны сцяг цытадэлі. Салдаты абаранялі яго цаной уласнага жыцця і здолелі схаваць ад ворага. Сімвал захавалі для будучага  пакалення, каб ён памятаў аб цане свабоды.

 
Расказвае Святлана Чарнова.

Сюды,  да манумента Перамогі,   у цэнтр беларускай сталіцы   цэлы дзень сотні людзей прыносяць кветкі. І  трэба адзначыць, што ў асноўным гэта моладзь, якая такім чынам дзякуе тым, хто адваяваў для нас мірнае неба.

Памятаць мінулае, каб будаваць будучыню. Удзельнікаў самай масавай моладзевай арганізацыі краіны разам з кветкамі  сёння з самай  раніцы сустракаў мемарыял "Памяць" на праспекце Дзяржынскага.  Тут, ля  брацкай магілы, якая захоўвае памяць воінаў,  яны аддалі сваё жыццё,  абараняючы нашу сталіцу. Атмасфера была напоўненая шчырай падзякай, якую гэтыя хлопцы і дзяўчаты  пранясуць яшчэ не праз адзін абеліск. 

Перадаючы эстафету ад спартыўнага форуму   патрыятычнаму, да марафона памяці далучыліся і прадстаўнікі вольнай барацьбы, бокса і самба. Яны ўшанавалі памяць на брацкай магіле ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец". 

Даніну павагі трагічнаму і гераічнаму мінуламу нашай гісторыі аддалі дзеячы культуры і мастацтва, а таксама творчая інтэлігенцыя Беларусі. Да Вечнага агню манумента Перамогі ў Мінску, як сімвал вечнага жыцця і даніну павагі, інтэлігенцыя несла жывыя гваздзікі і ружы.

Мемарыяльны комплекс "Масюкоўшчына". Сёння гэта месца смутку  наведалі  старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч і старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. На гэтым месцы ў гады Вялікай Айчыннай знаходзіўся лагер смерці, дзе загінула больш за 80 тысяч савецкіх грамадзян. 

Кранальная акцыя напярэдадні  маштабнай даты прыбыла і ў вёску Кражына Валожынскага раёна. Месцам памяці сёння тут стаў мемарыял "Тужлівай маці". Гэта сімвал трагедыі, якая здарылася 21 мая 1943 года. У той дзень спалілі 211 чалавек. Сярод іх 33 дзіцяці. Сёння на месцы трагедыі мясцовыя жыхары разам з піянерамі высадзілі памятную алею.

І, вядома ж, каб памятаць і ведаць  больш пра герояў сваёй сям'і, сёння Нацыянальны архіў Беларусі запусціў агульнадаступную базу звестак  аб партызанах і падпольшчыках, а таксама інтэрнэт-партал "Партызаны Беларусі". Тут ужо ёсць даныя аб 35-ці тысячах партызан. Праект распрацаваны выдавецкім домам "Беларусь сегодня".

І вось такая акцыя  чарговы раз падкрэслівае:  беларусы і "Беларусь памятае", 

якой цаной нам дасталося гэта мірнае неба. А вось гэтая непарушная сувязь пакаленняў паміж ветэранамі і ўжо іх унукамі і праўнукамі абавязвае кожнага з нас ведаць гісторыю роднай зямлі. І прыкласці максімум намаганняў, каб зберагчы мір на зямлі беларускай.

Расказвае  Вольга Маслоўская.

У Чашніцкім  раёне ветэраны, моладзь, унукі і праўнукі абаронцаў сабраліся на месцы былога партызанскага лагера. Тут у 42-ім пачынаўся баявы шлях партызанскага атрада пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Лабанка. Нагода для сустрэчы добрая - сёння тут пасля рэканструкцыі адкрылі стэлу з прозвішчамі першых байцоў партызанскага атрада.

Падзеі, якія адбываліся тут,  увайшлі ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, як беспрэцэдэнтны факт: у тыле ворага дзейнічала партызанская зона, працавалі школы, друкарня, сотні вёсак жылі паводле  савецкіх законаў. Аб гэтым Ларыса Волгіна ведае не толькі з падручнікаў гісторыі - прозвішча яе бацькі на абеліску. З Санкт-Пецярбурга прыязджае на малую радзіму і абавязкова прыходзіць да сціплага помніка, размешчанага  ўдалечыні ад ажыўленых дарог.

Вогнішча, зямлянкі і ваенныя песні - на партызанскай паляне сабраліся юныя артысты. Некалькі гадоў назад гэтае гістарычнае месца яны выбралі для правядзення конкурсу ваеннай песні. Гавораць, у такіх дэкарацыях яны гучаць па-асабліваму. 

Эстафету акцыі "Беларусь памятае" напярэдадні  Дня Незалежнасці прыняла і Магілёўская вобласць. У аграгарадку Бацэвічы  хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў 55-ай стралковай дывізіі і 277-га партызанскага атрада. На помніку - 64 прозвішчы вызваліцеляў. 

На працягу ўсіх перадсвяточных дзён спадчыннікі Перамогі працягнуць наведваць мемарыялы Вялікай Айчыннай  па клічы сэрца і памяці. Бо свае героі-вызваліцелі ёсць у кожнай сям'і. І Беларусь іх памятае!