Да 70-годдзя вызвалення Беларусі. Дакументальны праект Яны спявалі за Радзіму

23 июня 2014

Карэспандэнты Агенцтва тэленавін падрыхтавалі 10 фільмаў аб гісторыі вядомых кампазіцый - такіх як Кацюша, Сіняя хустачка і Смуглянка. 1-я серыя праекта - ужо сёння адразу пасля Панарамы.


Хто выканае легендарныя песні - падрабязна Іна Пілевіч.


На гэтым запісе гукарэжысёру не з першага дубля атрымлівалася дабіцца чыстага гуку. У студыі адразу 45 вакалістаў не старэйшыя за 4-ы клас. У сілу ўзросту ім не заўсёды ўдаецца не шамацець лісточкамі і спакойна стаяць ля мікрафоннай стойкі. Малодшы хор хлопчыкаў гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі выконвае нязвыклы для навучальнай праграмы рэпертуар - песні ваенных гадоў.


Будучыя зоркі оперы і дырыжоры вывучылі мужныя песні для дакументальнага цыкла Яны спявалі за Радзіму. Дзіцячыя галасы выконваюць усім вядомыя У зямлянцы, Кацюшу, Сінюю хустачку, Песню ваенных карэспандэнтаў, Эх, дарогі, Смуглянку, Нам патрэбна адна перамога, Дзень Перамогі ў фінале серыі. І нават прагучыць, здавалася, такая непад'ёмная для юнацкіх гадоў Свяшчэнная вайна.


А вось пра гісторыю стварэння песень, іх аўтараў і першых выканаўцаў расказваюць вядомыя на постсавецкай прасторы артысты. Экспертамі праекта сталі Эдзіта П'еха, Дзмітрый Хварастоўскі, Тамара Гвердцытэлі, Леў Лешчанка і многія іншыя музыканты першага эшалона. Дарэчы, менавіта з-за матываў факстрота на экраны не выпускалі Дзень перамогі. А цытаты марша Развітанне славянкі выкарыстаны ў хіце Малінаўка.


У кранальных і трагічных песенных біяграфіях журналісты Агенцтва тэленавін знайшлі і беларускі след. Адзін з сенсацыйных фактаў - Сіняя хустачка ўпершыню прагучала у Мінску ў 30-х у выкананні музыкантаў Белдзяржджаза.


Таісія Павалій, народная артыстка Украіны: Гэта тыя песні, якія немагчыма не спяваць. Гэта песні, якія дайшлі да нас з фронту, тыя песні, якія дапамагалі нашым родным людзям перажыць тыя страшныя дні. Таму іх трэба спяваць. Іх трэба перадаваць з пакалення ў пакаленне і распавядаць, што гэта такое.


Напярэдадні эфіру дакументальнага цыкла ваенныя хіты гучалі ў адным з самых наведвальных месцаў Мінска. Пад акампанемент акардэона ў стылізаваных уборах іх выканалі студэнты сталічных ВНУ. Патрыятычны флешмоб - гэта новая форма дэманстрацыі ўласнай прадукцыі для Белтэлерадыёкампаніі.


Першапачаткова ў флешмобе было заяўлена 30 удзельнікаў, але па ходзе дзеяння гэтая лічба павялічылася ў разы. Да акцыі далучыліся выпадковыя прахожыя. Песні вайны спяваюць наведвальнікі вядомага гандлёвага цэнтра. Ролік флешмоба ўжо набірае лайкі на прасторах Сеткі. Ён толькі павялічвае цікавасць да тэлевізійнай прэм'еры.


Адкрые дакументальны цыкл песня Свяшчэнная вайна. Сенсацыйны факт - марш-гімн быў напісаны ўсяго за ноч з парушэннем музычных канонаў. Яшчэ больш невядомых фактаў пра гераічную музыку - у 22:10 на Беларусь 1.