На 3 Ліпеня Мінск атрымаў падарунак - абноўленую набярэжную ў парку Я. Купалы і святломузычны фантан

4 июля 2020
Да Дня Незалежнасці мінчане і госці сталіцы атрымалі падарунак - цалкам абноўленую набярэжную ў парку Янкі Купалы. Гэтае месца змянілася не толькі ў касметычным плане. Тут зарабіў святломузычны фантан. Тэхналогію, якая аб'ядноўвае святло, гук, ваду і карцінку, прадэманстравалі ўчора ўвечар. Воднае шоу атрымалася сапраўды феерычным. 

Як мяняецца Беларусь, першыя эмоцыі і ўражанні ад унікальнага падарунку - у рэпартажы Веранікі Буты. 

Беларусь утульная


Такая маляўнічая і прыгожая. Па-свойму вытанчаная і ўтульная. Беларусь мяняецца на вачах. І складана сёння паверыць, што краіну прыходзілася адраджаць з попелу.

Сёння прыемна хадзіць па добраўпарадкаваных вуліцах, адпачываць у прыгожых зялёных скверах, займацца спортам на новых пляцоўках. Мы разам за чвэрць стагоддзя зрабілі Беларусь прыгожай, сучаснай і бяспечнай. І толькі ў нашых сілах захаваць яе такой жа ўтульнай. Для сябе і для нашых дзяцей. 

Цэнтр прыцягнення беларускай моладзі


Унікальны аб'ект у цэнтры Мінска - цэнтр прыцягнення моладзі. Добраўпарадкаваннем набярэжнай Свіслачы, аднаго з самых упадабаных месцаў адпачынку беларусаў і замежных гасцей, займаюцца ўжо даўно. Бясспрэчна, летнія вечары ў сталіцы зараз стануць яшчэ больш рамантычнымі. 

Такога маштабу аб'екты можна сустрэць толькі ў некалькіх гарадах свету. Зараз ён стане адной з візітных картак Беларусі. 

Візітная картка Мінска


Комплекс сапраўды ўнікальны. Дзве сотні бруй на вышыні да 30 метраў. Плавальны гейзер наўрад ці каго пакіне абыякавым з такімі воднымі эфектамі. 

Для не зусім рамантыкаў дадалі практычныя функцыі. На спецыяльным экране будуць трансляваць пазнавальныя лекцыі. Прыгожа і з карысцю - новая тэндэнцыя ў адукацыі.  

Фантан гатовы радаваць гасцей кожны летні вечар з 10 да 11. 

Гісторыя паспяховай краіны


Перамога і незалежнасць сёння - гэта кожнае пражытае імгненне, якое беларусы прымнажаюць сваімі справамі і дасягненнямі. Берагуць летапіс продкаў і пішуць новую гісторыю - гісторыю паспяховай краіны.