Да 1 мая дарожныя службы павінны ліквідаваць усе ямы на сталічных вуліцах

25 марта 2015

Паўнавартасныя работы пачнуцца, калі тэмпература паветра будзе вышэй за 15 градусаў. Але і зараз на дарогах можна сустрэць спецтэхніку – своеасаблівыя заплаткі з’яўляюцца ў самых небяспечных месцах. Мера часовая, але патрэбная. За работай дарожнікаў з самай раніцы назірала мая калега Антаніна Станкевіч.

Рабочы дзень дырэктара Рамаўтадара Дзяніса Глінскага пачынаецца ў сем гадзін раніцы. Але адносна невялікую адлегласць ад дома да працы па яшчэ пустых вуліцах ён пераадольвае… за гадзіну. Службовы маршрут прадугледжвае паездку – кожны дзень па розных вуліцах і абавязкова – па двух галоўных праспектах. Ацэньвае стан сталічных вуліц і як вадзіцель, і як спецыяліст.

Здзіўляемся – за гэты час не сустрэлі ніводнай машыны дарожнікаў. Дзяніс Глінскі тлумачыць: па-першае, менавіта зараз перазменка, а па-другое – буйнагабарытная тэхніка ўсе ж такі перашкаджае руху ў час пік. Дарожнікі з’явяцца на вуліцах крыху пазней – як толькі асноўны паток схлыне.

Сёлета надвор’е з аднаго боку спрыяла дарожнікам – работы па ўборцы вуліц ад снегу было нямнога. Але рэзкія перапады тэмпературы месцамі моцна пашкодзілі асфальт. Усё адрамантаваць павінны да першага мая.

Часцей за ўсё пасля зімы пакутуюць пуцеправоды – прасцей кажучы – масты. Сёлета адрамантуюць 10 такіх канструкцый с заменай ўсяго пакрыцця. Такім чынам, на самых праблемных участках вадзіцелям больш не прыйдзецца думаць пра філіграннае манеўраванне і падвеску, а больш пільна сачыць за дарожным рухам.

Асаблівая ўвага – кальцавой аўтадарозе, бо хуткасці тут вялікія. Зараз на асобных участках праводзяць ямачны рамонт, а калі крыху пацяплее – на некаторых перакладуць асфальт цалкам.

Запланаваная замена пакрыцця і на некаторых вуліцах сталіцы. Участкі Куйбышава, Прытыцкага, Кальварыйскай ужо сёлета павінны парадаваць аўтамабілістаў адсутнасцю ям, стыкаў і новай разметкай.