Да 125-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы ў музеі папаўненне

5 марта 2021

Значная дата ў літаратурным календары. У гэты дзень 125 гадоў таму ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна нарадзіўся Кандрат Атраховіч - класік, яскравы байкапісец, сатырык і драматург, вядомы пад творчым псеўданімам Кандрат Крапіва.

З асаблівай дакладнасцю, уласным гонарам і шчырым пачуццём пра творцу расказваюць яго землякі. У гонар класіка на яго малой радзіме створаны два музеі. Іх наведала Наталля Бардзілоўская.

Уздзенская сярэдняя школа № 2. У 1992 годзе атрымала ганаровы статус - імя Кандрата Крапівы. Праз чатыры гады тут адкрылі музей імя пісьменніка. З маленькага пакойчыка ўстанова вырасла да залы плошчай 22 квадраты. Ад першага дзясятка экспанатаў колькасць адзінак за гады дасягнула соцень прадметаў. Копіі дакументаў і фота, макет роднай вёскі - малой радзімы Кандрата Атраховіча, кнігі, часопісы, лісты. Ёсць аўтэнтычныя экспанаты - кашуля і гальштук з гардэробу творцы, вінілавыя пласцінкі фірмы "Мелодыя".


Да 125-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы ў музеі папаўненне. Ганаровае месца ў экспазіцыі цяпер зойме вось гэты том: кніга пад назвай "Шлях да неўміручасці". Гэта кніга ўспамінаў пра Кандрата Крапіву яго сваякоў, сяброў, землякоў. Выданне ўвайшло ў серыю "Жыццё знакамітых людзей Беларусі".


Гэта - новавыданне да сёлетняга юбілею, падарунак музею ад Алены Атраховіч. На вокладцы кнігі аўтограф складальніцы, унучкі Крапівы. У зборніку невядомыя факты асабістага жыцця пісьменніка. Тым, чаго не знойдзеш у падручніках, ужо цікавяцца вучні.
Збіраць музейную экспазіцыю уздзенскай другой школе дапамагалі і дапамагаюць нашчадкі Крапівы, сям'я Атраховіч і спецыялісты мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея. Сама ўстанова па вуліцы Школьнай, 4 ганарыцца рэканструкцыяй працоўнага пакоя народнага пісьменніка. Друкарская машынка, пісьмовыя прылады, лямпа, кубак для гарбаты, фота і дакументы, лісты і часопісы, кнігі і рукапісы з аўтографамі - да ўсяго дакраналася рука класіка-земляка.

Гэты тыдзень 125-годдзе Крапівы святкавалі на дзяржаўным узроўні. Выставы і канцэрты, творчыя вечарыны і прэзентацыі кніжных новавыданняў прайшлі ў беларускай сталіцы. Тут жа, на малой радзіме пісьменніка, яго ўшанаванне яшчэ будзе - школьнікі, музейшчыкі, работнікі культуры рыхтуюць спецыяльную праграму да 9 сакавіка.